У Віцебску праходзіць пленарнае пасяджэнне абласнога форуму «АграСтарт»

В Витебске проходит пленарное заседание областного форума «АгроСтарт

У Віцебску праходзіць пленарнае пасяджэнне абласнога форуму «АграСтарт

20.05.2026

Пачалося пленарнае пасяджэнне абласнога форуму «АграСтарт. Тэрыторыя магчымасцей», мадэратарам якога выступае рэктар Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны Вольга Гарлова.

Удзельнікаў форуму прывіталі старшыня аблвыканкама Аляксандр Рагожнік, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Уладзімір Юргевіч, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Леанід Заяц.

На пленарным пасяджэнні будуць абмяркоўвацца пытанні развіцця сельскіх тэрыторый, фінансавая падтрымка прыватных ініцыятыў; фермеры і ўладальнікі аграсядзіб падзеляцца вопытам работы.

Аляксандр Рагожнік, старшыня аблвыканкама:

– Сельская гаспадарка – адна з базавых галін нашай краіны і Віцебскай вобласці. Таму ўвага да гэтай сферы заўсёды асаблівая. Сёння АПК паўночнага рэгіёну ідзе ў нагу з часам: укараняюцца сучасныя тэхналогіі, ствараюцца высокатэхналагічныя працоўныя месцы. Абнаўляецца машынна-трактарны парк, павялічваецца асартымент выпускаемай прадукцыі. Усё гэта забяспечвае харчовую бяспеку рэгіёну і краіны. Тавары з маркіроўкай «Зроблена ў Беларусі» выклікаюць заслужаную цікавасць у спажыўцоў замежных краін.

Упэўнены, што форум «АграСтарт. Тэрыторыя магчымасцей» стане пляцоўкай давернага абмену ведамі і вопытам. Патэнцыял АПК велізарны, нам ёсць куды імкнуцца.

Хачу звярнуцца да моладзі. За вамі будучыня нашай краіны. Вы выбралі адну з самых важнейшых і складаных прафесій у сучасную лічбавую эпоху. Менавіта вам трэба будзе ўзяць на сябе адказнасць за сельскую гаспадарку Віцебшчыны. Рабіць яе эфектыўнай, канкурэнтаздольнай і прывабнай.

Мы ставім перад сабой задачу паказаць для ўсіх жыхароў рэгіёна магчымасці, якія дае дзяржава ў развіцці сяла. Сёння аблвыканкамам разглядаюцца розныя праграмы па субсідаванні працэнтаў па крэдытах, і такое супрацоўніцтва будзе развівацца з многімі банкамі нашай краіны.

Мы хочам, каб у сельскую гаспадарку прыйшлі прыватнікі, фермеры, якія любяць працаваць і хочуць развівацца. І наша задача вызначыць інструменты, якія будуць карысныя для развіцця найважнейшай для краіны галіны.

 

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Леанід Заяц зачытаў удзельнікам форуму «Аграстарт. Тэрыторыя магчымасцей» прывітальны адрас старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай, у якім былі такія словы: «Назва форуму выбрана вельмі сімвалічна. «Аграстарт» – гэта пачатак новай справы, новыя імёны, новыя праекты. «Тэрыторыя магчымасцей» – як факт таго, што на сяле можна і трэба жыць годна: ствараць моцныя гаспадаркі, гадаваць дзяцей, быць запатрабаваным і паважаным чалавекам. Менавіта такая філасофія сёння ляжыць у аснове дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь у дачыненні да сельскіх тэрыторый.

Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026 – 2030 гады задача пабудовы моцных самадастатковых рэгіёнаў замацавана ў ліку галоўных. А моцнае сяло – гэта перш за ўсё ініцыятыўныя, адказныя людзі, якія гатовыя ўзяць на сябе абавязацельствы, дамагацца выніку».

Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў распавёў аб мэтах правядзення аграфоруму:

- Наш прыярытэт – развіццё рэгіёнаў, сельскагаспадарчых тэрыторыяў. Таму што гэта харчовая бяспека, традыцыя, культура. Сённяшні аграфорум нацэлены на раскрыццё патэнцыялу і дэманстрацыю магчымасцей па падтрымцы людзей, якія плануюць звязаць сваю дзейнасць з сельскай гаспадаркай. Адзін з прыярытэтных момантаў – папулярызацыя працы для нашых маладых спецыялістаў. Невыпадкова мы запрасілі навучэнцаў агракласаў. Хлопцы самі ўбачылі, што на вёсцы можна паспяхова працаваць, ствараць сем'і. Мяркуючы па тым, які інтарэс выклікала ў нашых раёнаў і моладзі дадзенае мерапрыемства, мы будзем развіваць напрамак, выпрацоўваць эфектыўныя метады падтрымкі нашых рэгіёнаў.

Уладзімір Юргевіч, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці:

– Кіраўнік дзяржавы неаднаразова казаў, што краіне трэба захаваць сяло, адрадзіць вёску. Мяркуючы па выставе, якая была прадстаўлена фермерскімі гаспадаркамі, такая перспектыва ёсць. Неабходна тыражаваць вынікі форуму «АграСтарт. Тэрыторыя магчымасцей», каб зацікаўленыя людзі ведалі, якая дзяржпадтрымка ідзе для развіцця сяла.

Вольга Гарлова, рэктар Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, мадэратар пленарнага пасяджэння форуму «Аграстарт. Тэрыторыя магчымасцей»:

– Першы форум робіць упор на фермерскія гаспадаркі, прыцягвае ўвагу моладзі да сяла, распавядае пра тое, наколькі разнастайнай і смачнай можа быць прадукцыя, зробленая сваімі рукамі з адкрытай душой і сэрцам.

Прысутнасць на форуме каля 700 студэнтаў і навучэнцаў з'яўляецца яшчэ адным пацвярджэннем таго, што стаўка робіцца на моладзь і кадры на Віцебшчыне будуць.

Віцебскія весці