У Віцебску ўрачыста адзначылі Дзень юрыста

В Витебске торжественно отпраздновали День юриста

Юрысты, адвакаты, суддзі, пракуроры, юрысконсульты, выкладчыкі права, следчыя Віцебшчыны сабраліся ў актавай зале ВДУ імя Петры Машэрава напярэдадні свайго прафесійнага свята – Дня юрыста, які адзначаецца ў першую нядзелю снежня.

Звяртаючыся да прысутных, старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін падкрэсліў, што законы адыгрываюць велізарную ролю ў нашым жыцці, ад прафесіяналізму работнікаў юстыцыі, іх прынцыповасці і справядлівасці залежыць дабрабыт краіны і яе грамадзян.

– Вы дапамагаеце разабрацца, сочыце за тым, каб усё было законна, правільна. Прафесійна і індывідуальна падыходзіце да кожнага чалавека, прымаеце справядлівыя і прынцыповыя рашэнні. Жадаю, каб у вас усё атрымлівалася, каб вы знаходзілі выйсце з любой, нават самай няпростай сітуацыі, – адзначыў кіраўнік вобласці і ўручыў узнагароды асабліва тым, хто вызначыўся ў сваёй прафесійнай дзейнасці.

Узнагарод было шмат, кіраўнікі розных структур прававой сістэмы рэгіёна адзначалі сваіх перадавікоў. Граматы атрымлівалі суддзі, работнікі пракуратуры, выкладчыкі юрыдычных факультэтаў ВНУ, адвакаты, натарыусы. Для ўручэння ўзнагарод на сцэну падымаліся начальнік упраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці генерал-маёр юстыцыі Аляксандр Гуцко, пракурор Віцебскай вобласці Андрэй Скурат, старшыня Камітэта дзяржкантролю Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці Уладзімір Гадзяцкі, начальнік УУС аблвыканкама палкоўнік міліцыі Максім Субота, старшыня эканамічнага суда вобласці Аляксей Барадулін, начальнік абласнога ўпраўлення МНС палкоўнік унутранай службы Сяргей Меляшкін, начальнік Віцебскай мытні саветнік мытнай службы 1-га рангу Сяргей Лінкевіч.

Усе кіраўнікі ведамстваў, якія стаяць на варце закона і права, прынялі ўдзел у урачыстасці.
– Дзень юрыста адзначаецца ў апошні месяц года. Таму мы падводзім вынікі, ушаноўваем сваіх лепшых супрацоўнікаў. У Беларусі створана ўстойлівая прававая сістэма з разумнымі балансамі і якая адпавядае прынцыпу справядлівасці, патрабаванням сацыяльнай прававой дзяржавы. Сумеснымі намаганнямі і каардынуючы нашу дзейнасць, мы выбудуем нармальнае грамадзянскае грамадства ў краіне, прававую дзяржаву, якая будзе служыць людзям, – падкрэсліў старшыня абласнога аддзялення Беларускага рэспубліканскага саюза юрыстаў, старшыня Віцебскага абласнога суда Аляксандр Федзюкевіч.

"Віцебскія весці"