У Віцебску ўпершыню праходзяць абласныя спаборніцтвы па фіджытал-спорце

В Витебске впервые проходят областные соревнования по фиджитал-спорту
Сёння ў Віцебску ўпершыню праходзяць абласныя спаборніцтвы па фіджытал-спорце. У іх удзельнічаюць звыш 60 хлопчыкаў 2013-2015 гадоў нараджэння ў складах каманд трох раёнаў абласнога цэнтра, а таксама Віцебскага, Гарадоцкага і Аршанскага.

У праграме два этапы. На першым хлопчыкі гулялі на SonyPlaystation у папулярны футбольны сімулятар «FIFA-2026» два таймы па пяць хвілін.

Пасля гэтага - на міні-футбольным полі два таймы па 10 хвілін. Па выніках двух этапаў сумуюцца забітыя галовы, перамагае каманда, у якой іх больш, яна далей рухаецца па турнірнай сетцы.

- Усе мы разумеем, што юнае пакаленне ўсё больш часу праводзіць у гаджэтах, за камп'ютарамі, - кажа начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Дзяніс Фацееў. - І таму праз укараненне лічбавых тэхналогій хочам прыцягнуць рабят да здаровага ладу жыцця і да спорту. Магчыма, некаторыя з іх пасля гэтых спаборніцтваў запішуцца ў спартыўныя секцыі. Пагуляўшы ў нармальны футбол, яны зразумеюць радасць сапраўднага спорту, гульні ў камандзе.

Паўабаронца каманды Кастрычніцкага раёна Віцебска (вучань СШ №29) Іван Амбражэвіч прызнаўся, што больш любіць сапраўдны футбол, чым камп'ютарны.

- Займаюся чатыры гады ў спортшколе ФК «Віцебск», - кажа хлопец. - У камп'ютарны футбол пачаў гуляць каля двух гадоў таму. Звычайна мая каманда - мадрыдскі «Рэал» (адзін з самых тытулаваных клубаў свету). Віртуальна кіруючы дзеяннямі спартыўных зорак, лепш разумею, як правільна гуляць на сапраўдным футбольным полі.