У Віцебску сустрэлі ўдзельнікаў міжнароднага культурна-адукацыйнага праекта «Цягнік Памяці»
25.06.2026
Юбілейны, 5-ы сезон праекта «Цягнік Памяці» некалькі дзён таму стартаваў у Брэсце. Ужо сёння маладыя актывісты з 18 краін знаёмяцца з гасцінным Віцебскам. Больш за 200 удзельнікаў культурна-адукацыйнага праекта цёпла сустрэлі жыхары паўночнай сталіцы на чыгуначным вакзале. Гасцям уручылі хлеб-соль, памятныя падарункі і далі важныя напутствы. Атрады прывітала вялікая дэлегацыя сустракаючых, на чале – кіраўніцтва вобласці і горада, арганізатары і каардынатары міжнароднага праекта.
Намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксей Гуйда ў звароце да маладых беларусаў і гасцей розных краін адзначыў, што Віцебшчына ганарыцца сваёй гісторыяй і культурай, вядомымі людзьмі, якія праслаўлялі родны край.
– Як і іншыя дзяржавы, якія 85 гадоў таму сутыкнуліся з вайной, наша краіна і, у прыватнасці, наша вобласць панесла незваротныя страты. Сёння ўсіх аб'ядноўвае агульная памяць пра подзвіг дзядоў і прадзедаў, якія падарылі нам мір, магчымасць вучыцца, працаваць, гадаваць дзяцей, – адзначыў Аляксей Гуйда. – Хачу пажадаць, каб усе ўдзельнікі праекта даведаліся больш пра нашу гісторыю, запомнілі Віцебск сучасным, культурным, гасцінным і ўвезлі з сабой самыя яркія эмоцыі.
Намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктар Глушын перадаў моладзі сімвал праекта і адзначыў, што Віцебск цяпер жыве ў чаканні Дня горада і юбілейнага «Славянскага базару». На мастах і вуліцах горада над Дзвіной мноства самых розных кветак і кампазіцый. Асабліва значны для гараджан сімвал васілька, або валошкі. Пазней, падчас вялікай экскурсійнай праграмы «Васільковыя гісторыі горада Віцебска», удзельнікам «Поезда Памяти» раскрылі некалькі цікавых фактаў пра гэты сімвал і прадставілі мініяцюрныя скульптуры Валошак.
Разам з сотнямі віцябчан сустракала юных патрыётаў на вакзале праваднік «Поезда Памяти – 2025», педагог гімназіі № 8 Алена Каленціёнак з дачкой Васілісай. Віцябчанка адмыслова надзела памятную футболку з пажаданнямі і подпісамі хлопцаў з розных краін.
– «Поезд Памяти» падарыў не толькі яркія ўражанні, ён падарыў мне сяброў. І сёння я зноў сустракаюся з імі, – падкрэсліла Алена. – Летась мы праехалі 15 гарадоў, пазнаёміліся з хлопцамі са шматлікіх дзяржаў! І гэтая дружба працягваецца. Мы перапісваемся ў агульным чаце, падтрымліваем адзін аднаго. Лічу, што міжнародны праект вучыць галоўнаму: калі мы разам, адлегласці і межы не маюць значэння.
З вялікай цікавасцю пагружаюцца ў незвычайнае падарожжа ўдзельнікі ад Віцебскай вобласці. Вучань сярэдняй школы № 40 імя М. М. Громава Мікіта Кавалёў распавёў, што паспеў пазнаёміцца з хлопцамі ў атрадзе і расказаў ім пра сваіх сваякоў, якія ваявалі.
– Я заўсёды з асаблівай гордасцю ўспамінаю свайго прадзеда Івана Міхайлавіча Старыгіна. Ён абараняў нашу Радзіму на 3-м Беларускім фронце. Для мяне ён сапраўдны герой. Прадзед перажыў аварыю самалёта, зламаў нагу, але нават пасля гэтага працягваў выконваць свой абавязак. За праяўленае мужнасць ён узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам Леніна і мноствам медалёў. У нашай сям'і служэнне Радзіме стала сапраўднай традыцыяй. Я хачу працягнуць гэту ваенную дынастыю, як і мой бацька, ён вайсковец. Пасля 11-га класа планую паступіць у Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь, а пакуль працягваю ўдасканальваць свае веды і ўменні ў ваенна-патрыятычным клубе «Віцязь». Для мяне ўдзел у «Поездзе Памяці» – важная місія, магчымасць не толькі адпачыць, але і даведацца нешта новае пра розныя гарады, сабраць гістарычныя факты пра людзей і іх подзвігі, – падкрэсліў Мікіта Кавалёў.
Самыя прыемныя эмоцыі пра праект у навучэнкі віцебскай гімназіі № 8 Аляксандры Азерец:
– За тры дні паездкі наш атрад стаў сапраўднай сям'ёй, мы вельмі моцна здружыліся, і гэта адно з галоўных дасягненняў. Гарады, у якіх мы пабывалі – Брэст, Гродна, Магілёў, – падарылі шмат яркіх момантаў і ўражанняў, можна гаварыць пра іх вельмі шмат. Вельмі важнымі для мяне сталі вячэрнія размовы з хлопцамі: мы дзяліліся гісторыямі пра сваіх родных, якія ваявалі за Радзіму. Кожны мог расказаць сваю гісторыю: хто дзе ваяваў, ці застаўся жывы, якія сямейныя рэліквіі захоўваюцца дома. Ганаруся тым, што побач са мной нямала такіх жа неабыякавых людзей! Гэта пачуццё еднасці, мабыць, адно з самых каштоўных, што падарыла мне гэтая паездка.
Удзельнікі праекта наведалі плошчу Тысячагоддзя, Пушкінскі мост, вуліцу Талстога, сфатаграфавалі фігуркі Валошак, паглядзелі тэатральную замалёўку ў выкананні акцёраў Нацыянальнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Для моладзі правялі творчыя майстар-класы ў абласным краязнаўчым музеі, запрасілі на экскурсію і дэгустацыю прадукцыі кандытарскай фабрыкі «Віцьба». Цікавая сустрэча для моладзі прайшла і ў сучасным цэнтры па скачках на батуце. Наперадзе – знаёмства з гісторыяй Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» з наведваннем Алеі зорак.
Адкрыцці для ўдзельнікаў «Паязда Памяці» ў Віцебску працягваюцца!
Двухтыднёвае падарожжа на «Паездзе Памяці» аб'ядноўвае сотні старшакласнікаў з 18 краін. Маршрут праходзіць праз беларускія і расійскія гарады, цесна звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Галоўная мэта праекта – захаваць гістарычную памяць, умацаваць дружбу паміж моладдзю розных краін і разам дакрануцца да агульнай спадчыны. Праект «Паезд Памяці» рэалізуецца па ініцыятыве Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі.
"Віцьбічы"