У Віцебску гучала «Незабыўнае…»! Пётр Елфімаў ажывіў спадчыну «Песняроў» на «Славянскім базары»

В Витебске звучало «Незабываемое…»! Петр Елфимов оживил наследие «Песняров» на «Славянском базаре»
Сёння канцэртная зала «Віцебск» напоўнілася трапятаннем беларускай душы. Залаты голас айчыннай эстрады і ўладальнік Гран-пры XIII «Славянскага базару» Пётр Елфімаў прадставіў праграму «Незабыўнае…» — скарбніцу музычнай спадчыны Уладзіміра Мулявіна і легендарных «Песняроў».

У суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя Іосіфа Жыновіча зала пагрузілася ў падарожжа ў часе. Гэта быў не проста канцэрт, а прызнанне ў любові роднай зямлі і яе культуры!

«Мой родны кут», «Спадчына», «Молодость моя, Белоруссия», «Беловежская пуща», «Жураўлі на Палессе ляцяць», «Касiў Ясь канюшiну», «Чырвоная ружа», «Алеся», «Александрына»... Кожная кампазіцыя — жывая гісторыя ў пранікнёным выкананні Пятра Елфімава, які некалі і сам быў часткай «Песняроў».

Фанфакт. Яркі талент, магутны вакал і неўтаймаваная прага новых здзяйсненняў — гэта ўсё пра Пятра Елфімава. Але перш, чым засвяціцца на музычным Алімпе, спявак заваёўваў сэрцы гледачоў выступленнямі і гумарам на сцэне КВЗ! У складзе каманд ПТВ-124, БДУ і «Зборнай РУДН» ён двойчы станавіўся чэмпіёнам Вышэйшай лігі, уладальнікам узнагарод «Галасістага КіВінА» і пераможцам іншых прэстыжных конкурсаў.

Артыст зачароўваў публіку «васiлькоў шапатлiваю моваю», меладыямі, знаёмымі з дзяцінства, беражлівымі адносінамі да нашых традыцый і творчасці вакальна-інструментальнага ансамбля, які працягвае натхняць пакаленні. У адказ гледачы апладзіравалі і ў атмасферы настальгіі падпявалі шлягерам. Выканаўцу ўдалося нібыта адкрыць скрыначку з самымі дарагімі ўспамінамі.

Вечар стаў сімвалам захавання культурнай ідэнтычнасці і працягу справы ВІА «Песняры», з дня заснавання якога сёлета спаўняецца 56 гадоў.

— Мы маем неацэнчаную спадчыну нацыянальнай культуры, створаную Уладзімірам Мулявіным, Ігарам Лучанкам і ансамблем «Песняры». Гэтая музыка жывая, яе выконваем, любім, яна гучыць у нашых сэрцах і застанецца нашчадкам. Нягледзячы на ўсе музычныя плыні, якія праносяцца праз стагоддзі, гэтыя песні будуць вечныя, — адзначыў Пётр Елфімаў.

Мінчанкі ў каларытных вянках, дзве Ганны і Алена, прыехалі на «Славянскі базар» упершыню і ўжо перапоўнены эмоцыямі — выключна станоўчымі.

— Для мяне Уладзімір Мулявін — гэта мая юнацтва. Я хадзіла на яго канцэрты яшчэ ў сямідзесятыя. Тое, што робіць Пётр Пятровіч з аркестрам Жыновіча — яны такія малайцы, перадаюць дух таго часу! Калі б проста спявак спяваў, не было б такога шматгалосся, як з аркестрам і бэк-вакалам. Гэта спалучэнне музыкі, выканання — усё праз душу, — падзялілася адна з жанчын.

"Віцебскія весці"