У Віцебскай вобласці ўдзельная вага працоўных месцаў са шкоднымі ўмовамі працы знізілася на 5,6%
У Віцебскай вобласці ўдзельная вага працоўных месцаў са шкоднымі ўмовамі працы знізілася на 5,6%. Пра гэта паведаміў на сённяшнім пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Аляксандр Хрыстафораў.
Гаворачы пра пытанне правядзення атэстацыі працоўных месцаў па ўмовах працы ў арганізацыях рэгіёна, Аляксандр Хрыстафораў адзначыў, што заданне падпраграмы "Ахова працы" Дзяржаўнай праграмы аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016-2020 гады па зніжэнні ўдзельнай вагі працоўных месцаў са шкоднымі ўмовамі працы ў 2016-м было перавыканана. "Удзельная вага зніжана на 5,6% пры штогадовым заданні 1%, - падкрэсліў старшыня камітэта. - Гэта другое месца ў рэспубліцы. Такі вынік дасягнуты за кошт выканання плана мерапрыемстваў па рэалізацыі задач падпраграмы, аптымізацыі працэсаў вытворчасці, стварэння новых працоўных месцаў, якія не маюць шкодных умоў".
Работнікі, занятыя на месцах са шкоднымі ўмовамі працы, карыстаюцца правам на кампенсацыі ў выглядзе даплат і дадатковага адпачынку, некаторыя катэгорыі маюць права на датэрміновую пенсію па ўзросце і скарочаны працоўны дзень. Аляксандр Хрыстафораў адзначыў, што наймальнікі рэгіёна штогод расходуюць звыш Br19 млн на прадастаўленне кампенсацый за працу са шкоднымі ўмовамі працы. Гэта даплаты, выдаткі на дадатковы адпачынак, аплата страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны на льготныя пенсіі і інш. "У 2016 годзе атрымальнікамі льготных пенсій па ўзросце за працу з асаблівымі ўмовамі працы з'яўлялася больш за 29 тыс. чалавек, якім на выплату пенсій Фондам сацыяльнай абароны накіравана звыш Br114 млн", - канстатаваў старшыня камітэта.
Алена Ціханава,
БЕЛТА