У Віцебскай вобласці зацверджаны тэрыторыі, якія падпадаюць пад указ аб развіцці гандлю і грамадскага харчавання

У Віцебскай вобласці зацверджаны пералік населеных пунктаў і тэрыторый, якія падпадаюць пад дзеянне ўказа №345 "Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання". Такое рашэнне прынялі дэпутаты Віцебскага абласнога Савета на пазачарговай сесіі.

З улікам спецыфікі Віцебскай вобласці ў дадзены пералік уключаны ўсе сельскія населеныя пункты Віцебскай вобласці (за выключэннем тых, у якіх не пражывае ні адзін чалавек), малыя гарадскія паселішчы і тэрыторыі па-за населенымі пунктамі. Такім чынам, індывідуальныя прадпрымальнікі і асобныя катэгорыі юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць на дадзеных тэрыторыях, змогуць з 1 студзеня 2018 года скарыстацца прэферэнцыямі і льготамі, прадугледжанымі ўказам.

Як паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Віцебскага аблвыканкама Ірына Леўковіч, у Віцебскай вобласці больш за 6 тыс. сельскіх населеных пунктаў, з іх 5 тыс. - з колькасцю жыхароў да 100 чалавек. Пры гэтым 2,3 тыс. - гэта вёскі і хутары, у якіх пражывае менш за 10 чалавек. На працягу апошніх гадоў у сельскай мясцовасці рэгіёну назіраецца скарачэнне сеткі сельскіх комплексных прыёмных пунктаў, а таксама колькасці аб'ектаў гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання. "Калі у горадзе пакупнік мае магчымасць выбраць той фармат аб'екта і асартымент тавараў і паслуг, якія адпавядаюць яго запытам, то ў сельскай мясцовасці гэта далёка не так. Абслугоўванне насельніцтва невялікіх гарадоў і сельскіх населеных пунктаў патрабуе якасна новых падыходаў", - падкрэсліла Ірына Леўковіч.

Яна выказала ўпэўненасць, што прынятае сёння дэпутатамі рашэнне будзе спрыяць стымуляванню прадпрымальніцкай ініцыятывы, паляпшэнню гандлёвага і бытавога абслугоўвання насельніцтва, а таксама змяншэнню падатковай нагрузкі на юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць рознічны гандаль, грамадскае харчаванне і бытавое абслугоўванне на сяле. Указ №345 ад 22 верасня 2017 года "Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання", накіраваны на стварэнне спрыяльных умоў для арганізацыі і вядзення

бізнесу, дакладна вызначае, што дзеянне льгот будзе распаўсюджвацца на населеныя пункты і тэрыторыі па-за населенымі пунктамі, якія вызначаюцца рашэннямі абласных Саветаў дэпутатаў. Рашэннем Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў зацверджаны вычарпальны пералік такіх населеных пунктаў і тэрыторый.

БЕЛТА.