У Віцебскай вобласці за пяць месяцаў 2021 года ў эканоміку прыцягнута больш за 944 мільёны рублёў інвестыцый
На Віцебшчыне за пяць месяцаў 2021 года ў эканоміку прыцягнута больш за 944 мільёны рублёў інвестыцый з розных крыніц. Гэты найважнейшы паказчык, які забяспечвае ўстойлівае развіццё рэгіёна, рост дабрабыту і ўзроўню жыцця насельніцтва, знаходзіцца пад пастаянным кантролем аблвыканкама. Ва ўмовах узмацнення канкурэнцыі за рэсурсы сёння намечана адставанне ад планаў, але важна не сядзець склаўшы рукі, а настойліва ствараць базу для прыходу інвестара — айчыннага і замежнага.

На гэтыя моманты звярнуў увагу кіраўнікоў гарадскіх і раённых органаў улады старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў падчас пасяджэння аблвыканкама, прысвечанага аналізу інвестыцыйнай працы ў рэгіёне. З пачатку года інвестыцыйную актыўнасць знізілі арганізацыі ў 12 раёнах вобласці, пры гэтым трэба ўлічваць, што часта адмоўная дынаміка фарміруецца на нізкай базе мінулага года. Сёння ні для каго не сакрэт, што замежны інвестар з цяжкасцю дабіраецца да Беларусі, у тым ліку не даязджае да краю азёр на поўначы краіны.
— Але гэта не павінна быць нагодай для самазаспакаення, трэба патроіць намаганні для стварэння спрыяльных умоў гаспадарання, павышэння інвестыцыйнай прывабнасці тэрыторый з улікам мясцовай спецыфікі, якая можа выгадна вылучаць рэгіён у шэрагу канкурэнтаў, пазіцыянаваць яго як лепшае месца для рэалізацыі прыватнай ініцыятывы, — падкрэсліў Мікалай Шарснёў.
Усяго ў рамках плана развіцця Віцебскай вобласці ў 2021 годзе гаррайвыканкамы і адміністрацыя СЭЗ «Віцебск» заявілі да рэалізацыі 107 вытворчых праектаў з аб'ёмам інвестыцый каля 1,2 млрд рублёў. Аналізуючы інвестыцыйную сітуацыю, першы намеснік старшыні камітэта эканомікі аблвыканкама Канстанцін Чорны адзначыў, што на Віцебшчыне створаны ўсе неабходныя ўмовы для актывізацыі інвестыцыйнага цыклу, няма недахопу ў ідэях, але важна аператыўна і эфектыўна вырашаць арганізацыйна-фінансавыя пытанні суправаджэння інвестыцыйнай дзейнасці. Пакуль жа асноўнымі крыніцамі яе фінансавання застаюцца ўласныя сродкі арганізацый.

Акрамя таго, чарговы раз Канстанцін Чорны звярнуў увагу прысутных на функцыянальнасць афіцыйных інтэрнэт-сайтаў. Большасць з іх маюць праблемы з прывабнасцю і якасцю падачы інфармацыі, якая да таго ж не абнаўляецца.
— Ва ўмовах, калі рэгіёны свету фактычна закрыты для перамяшчэнняў з-за эпідэміялагічнай сітуацыі, інтэрактыўная пада ча інфармацыі застаецца асноўным спосабам прыцягнення ўвагі патэнцыйнага інвестара. Але бізнесу вельмі складана працаваць з данымі, размешчанымі на сайтах шэрагу гарадскіх і раённых выканкамаў. Хачу звярнуць увагу на інтэрнэт-прадстаўніцтва Браслаўскага райвыканкама, дзе гэтыя аспекты адпрацаваны выдатна, што стала вынікам супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі, — паведаміў Канстанцін Чорны.
Найважнейшым аспектам павышэння інвестыцыйнай прывабнасці застаецца нарошчванне інфраструктурнага патэнцыялу тэрыторый. На Віцебшчыне ў бягучым годзе плануецца ўвасобіць у жыццё 129 праектаў па развіцці інфраструктуры, аб'ём інвестыцый па якіх ацэньваецца ў 300 млн рублёў. Тут гаворка ідзе ў асноўным аб узвядзенні інжынерных і транспартных аб'ектаў, а ўдзельная вага сацыяльных праектаў складае менш за палову ад агульнай іх колькасці. І тут ёсць адставанне ў асваенні выдзеленых рэсурсаў. Асабліва важна гэта выключыць па аб'ектах Дзяржаўнай і абласной інвестыцыйных праграм. Туды павінны трапляць праекты з высокай ступенню перад інвестыцыйнай прапрацоўкі.
— З'яўленне аб'ектаў у інвестпраграмах рознага ўзроўню з'яўляецца гарантаванай крыніцай бесперабойнага фінансавання. Таму на Віцебшчыне трэба больш старанна падыходзіць да фарміравання прапаноў у падобныя праграмныя дакументы. Перш за ўсё старшыні райвыканкамаў павінны дакладна разумець, што неабходна зрабіць і наколькі планы рэальныя да выканання, а ўжо потым прапрацоўваць фінансавы складнік, у тым ліку дамагаючыся магчымасці ўключэння ў інвестпраграму, — лічыць Мікалай Шарснёў.
Як вядома, адным з найважнейшых прыярытэтаў бягучай пяцігодкі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны вызначана фарміраванне моцных рэгіёнаў. Намеснік міністра эканомікі Анжаліка Нікіціна, якая прымала ўдзел у пасяджэнні, нагадала, што першы год пяцігодкі прысвечаны запуску новага інвестыцыйнага цыклу. Асноўныя намаганні накіраваны на стварэнне спрыяльнага клімату для прыходу капіталу ў перспектыўныя праекты. У цяперашні час Мінэканомікі актыўна працуе над рэгуляторыкай. Распрацаваны і разгледжаны ў Палаце прадстаўнікоў законапраект аб змяненні закона «Аб інвестыцыях». Яго асноўныя новаўвядзенні датычацца павышэння абароны правоў уласнасці інвестара. Акрамя таго, завяршаецца праца па карэкціроўцы Дэкрэта № 10. У падрыхтаванай версіі дакумента замацаваны новыя падыходы па рэалізацыі інвестыцыйных праектаў з дзяржпадтрымкай. Прапануецца стымуляваць укладанні інвестыцый у эканоміку асобных тэрыторый па вопыце Аршанскага раёна, прапісаны шэраг іншых карэкціровак для пашырэння паўнамоцтваў улад на месцах, што павінна павысіць аператыўнасць прыняцця рашэнняў па інвестпраектах.