У Віцебскай вобласці затраты на аказанне жыллёва-камунальных паслуг насельніцтву зніжаны на 15,9%
Даючы справаздачу па пытанні "Аб рэалізацыі дзяржаўнай праграмы "Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе" на 2016-2020 гады", начальнік упраўлення адзначыў, што па выніках працы за студзень-верасень затраты на аказанне ЖКП насельніцтву ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года зніжаны на 15,9%.
– Змяншэння затрат удалося дамагчыся пры супастаўных з мінулым годам умовах гаспадарання, эканамічны эфект склаў больш Br22, 5 млн, – падкрэсліў Юрый Дзядзела.
У цэлым па вобласці забяспечана зніжэнне удзельнага расходу электраэнергіі на пад'ём і падачу вады на 1,5%, на перапампоўку і ачыстку сцёкавых вод на 5,9%, на выпрацоўку цеплавой энергіі на 2,5%.
– Зменшыць затраты ўдалося ў тым ліку за кошт перагляду норм і нарматываў колькасці работнікаў. Калі параўноўваць са снежнем 2015 года, то за 9 месяцаў бягучага года сярэдне-спісачная колькасць знізілася на 10,9%. Мерапрыемствы па рацыянальным выкарыстанні працоўных рэсурсаў дазваляюць штомесяц эканоміць каля Br1,4 млн, – паведаміў начальнік упраўлення.
Ён адзначыў, што фактычны сабекошт аказваемых у рэгіёне жыллёва-камунальных паслуг за студзень-верасень ніжэйшы за гранічна дапушчальныя планава-разліковыя цэны практычна па ўсіх паслугах. Выключэнне складае тэхнічнае абслугоўванне жыллёвага фонду і цеплазабеспячэнне.
Дзякуючы зніжэнню затрат у бягучым годзе зэканомлена Br16 млн бюджэтных сродкаў, запланаваных на субсідаванне жыллёва-камунальных паслуг насельніцтву. Гэтыя грошы былі накіраваны на дадатковае фінансаванне мерапрыемстваў праграмы "Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе" - уведзены ў эксплуатацыю тры кацельні на мясцовых відах паліва (в. Падсвілле Глыбокскага раёна, Віцебск, п.Высокае Аршанскага раёна), адна з кацельняў у Аршанскім раёне пераведзена з прыроднага газу на мясцовыя віды паліва; заменены цепласеткі; праведзены бягучы рамонт жыллёвага фонду і капрамонт аб'ектаў водазабеспячэння; набыты кантэйнеры для збору цвёрдых бытавых адходаў і інш.