У Віцебскім аблвыканкаме адбылася сустрэча кіраўніка вобласці Мікалая Шарснёва з дэлегацыяй кампаніі з Кітая
Прыезд кітайскай дэлегацыі на Віцебшчыну – вынік перамоваў, якія прайшлі ў КНР падчас наведвання першым намеснікам старшыні аблвыканкама Алегам Мацкевічам міжнароднага форуму па жывёлагадоўлі ў правінцыі Хэнань 18 – 19 верасня бягучага года.
Кампанія «Дзірэкс Фуд Групп» з’яўляецца адной з маладых і паспяховых у Паднябеснай, яна валодае 11 заводамі па перапрацоўцы малака, дзе займаюцца вытворчасцю ёгуртаў, кефіраў з ягаднымі напаўняльнікамі, пастэрызаванага і сухога малака. Ёй належаць чайныя плантацыі, некалькі кандытарскіх фабрык, плантацыя па вырошчванні вінаграднікаў у Італіі, жывёлагадоўчыя фермы ў Аўстраліі. А цяпер у сферы інтарэсаў дадзенай кампаніі апынулася Беларусь.
У першую чаргу гаворка ідзе пра будаўніцтва буйных малочна-таварных ферм агулам на 20 тыс. галоў дайной скаціны. Кампанія актыўна рэкламуе ўкараненне біяпрадуктаў на рынку Кітая.
У КНР ёсць буйныя фермерскія гаспадаркі па вытворчасці малака, і іх уплыў на эканоміку малоепрацоўных прадпрыемстваў значны, а вось наяўнасць экалагічна чыстых зямельных участкаў надзвычай абмежаваная. Акрамя таго, кітайскія партнёры выказалі намеры аб набыцці 10 – 15 тыс. тон сухога малака штомесяц.
Адпаведны сертыфікат на пастаўкі ў КНР маюць прадпрыемствы Віцебшчыны: Верхнядзвінскі масласырзавод, Лепельскі малочнакансервавы камбінат і Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат. Так што перспектывы супрацоўніцтва маюцца. Зрэшты, прадстаўнікі кітайскай кампаніі адзначылі, што ў выпадку неабходнасці гатовыя аказаць садзейнічанне ў аператыўным атрыманні сертыфіката для паставак на рынак КНР.
Таксама замежныя партнёры зацікаўлены ў стварэнні турыстычнага холдынгу (гатэль на 50 месцаў, рэстаран кітайскай кухні) і будаўніцтве катэджнага пасёлка для пражывання кітайскіх бізнесменаў. У Віцебску ім былі прапанаваны пляцоўкі для рэалізацыі гэтых праектаў. Размова ішла і аб закупцы вырабаў з натуральнага дрэва, вывучэнні сучасных тэхналогій дрэваапрацоўкі на прадпрыемствах Віцебшчыны.
Каб бліжэй пазнаёміцца з патэнцыялам Віцебскай вобласці, у праграме трохдзённага візіту дэлегацыі з Кітая значыцца наведванне некалькіх рэгіёнаў і прадпрыемстваў. У прыватнасці, жывёлагадоўчых ферм у Чашніцкім раёне, жывёлагадоўчага комплексу «Мазалавагаз» у Віцебскім раёне, Полацкага малочнага камбіната, Верхнядзвінскага масласырзавода, турыстычнай базы «Чырвоны Бор» і Глыбоцкага малочнакансервавага камбіната.
Як адзначылі ў камітэце эканомікі аблвыканкама, было выказана намер аб арганізацыі наведвання Віцебшчыны кіраўніцтвам правінцыі Хэнань да канца 2017 года.