На Віцебшчыне 3 ліпеня нарадзілася 5 дзяцей, трое з іх – у Віцебскім радзільным доме № 2
06.07.2026
У рамках традыцыйнай акцыі «Белая Русь» – з любоўю да дзяцей» маладых жанчын, якія нарадзілі немаўлят 3 ліпеня, павіншавалі з падвойным святам – асабістым і дзяржаўным.
3 ліпеня, калі краіна грымела канцэртамі і салютамі, у сценах Віцебскага гарадскога клінічнага радзільнага дома № 2 на свет з'явілася трое дзетак. Два моцных хлапчукі і адна чароўная дзяўчынка выбралі самы сімвалічны дзень для свайго з'яўлення на свет. Але, як высветлілася, магія лічбы 3 на гэтым не скончылася: для Кацярыны Гарбачовай нараджэнне сына стала трэцім па ліку, доўгачаканая дачка таксама зрабіла Крысціну Вішнеўскую шматдзетнай мамай. У Ганны Радкевіч з'явіўся першынец.
– Мы з мужам пажаніліся ў Дзень горада. Для нас гэта вельмі сімвалічна, – падзялілася Ганна. – Вельмі хацелі, каб сын нарадзіўся ў галоўнае свята краіны.
Жанчын павіншавалі кіраўнік адміністрацыі Першамайскага раёна Яўген Семянёнычаў і старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Аляксандр Каплеўскі.
– Вы падарылі краіне не проста грамадзян, а маленькіх патрыётаў, – звярнуўся да жанчын Яўген Семянёнычаў. – Няхай іх жыццё будзе такім жа яркім і свабодным, як наша агульнае свята.
Аляксандр Каплеўскі нагадаў, што акцыя «Белая Русь» з любоўю да дзяцей» праводзіцца ўжо больш за 10 гадоў і за гэты час стала добрай традыцыяй.