Віцебск адзначае Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі: памяць пра мінулае і ўшанаванне сучаснікаў
Напярэдадні Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Віцебску адбылося ўрачыстае мерапрыемства, якое аб'яднала прадстаўнікоў улады, ветэранаў і жыхароў рэгіёну. Прысутныя аддалі дані пашаны гістарычным падзеям і асаблівую ўвагу надалі нашым сучаснікам. У цэнтры ўвагі апынуліся тыя, хто сёлета праявіў мужнасць і самаадданасць у барацьбе са стыхійнымі бедствамі, пацвярджаючы актуальнасць прынцыпаў служэння грамадству, закладзеных рэвалюцыйнай эпохай.
– Сёння беларусы – адзін з нямногіх народаў на постсавецкай прасторы, хто на афіцыйным узроўні адзначае Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. І гэта глыбока сімвалічна. Наша краіна дэманструе павагу да сваёй гісторыі, незалежна ад мінучай палітычнай кан'юнктуры. Гэта пацвярджэнне нашай прыхільнасці да пабудовы сапраўды народнай дэмакратыі і сацыяльнай дзяржавы. 1917 год заклаў асновы суверэннай дзяржавы. Мы не збіраемся адмаўляцца ад усіх сацыяльных дасягненняў тых гадоў, – сказаў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў. – Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя стала адказам грамадства на нежаданне кіруючай саслоўнай эліты вырашаць назральныя праблемы. Яна прынесла паляпшэнне жыцця рабочаму класу, ліквідацыю эксплуатацыі. Васьмігадзінны працоўны дзень, бясплатнае медыцынскае абслугоўванне і адукацыя, а таксама многія іншыя сацыяльныя даброты і правы, якія сёння нам здаюцца натуральнымі і неад'емнымі, былі дасягнуты дзякуючы рэвалюцыі. Яна адкрыла прастор для праявы творчых сіл народа, паклала пачатак новай прыступцы ў развіцці грамадства і цывілізацыі. Падзеі кастрычніка 1917 года сталі лёсавызначальнымі для беларускага народа. Яны дазволілі нам здабыць сваю краіну і сфарміравалі фундамент для пабудовы моцнай, суверэннай і незалежнай дзяржавы, якой сёння з'яўляецца Рэспубліка Беларусь.
Кіраўнік дэпутацкага корпуса таксама адзначыў, што праз гады беларускі народ беражліва захоўвае прынцыпы еднасці, салідарнасці, гістарычную, нацыянальную і культурную самаідэнтычнасць. Менавіта гэта і дазволіла выстаяць перад тварам знешняй агрэсіі, захаваць дзяржаўнасць, мір і згоду на беларускай зямлі. А ідэалы справядлівасці, роўнасці і бескарыслівага служэння Айчыне, як і раней, застаюцца непахіснымі.
Дзмітрый Дзямідаў уручыў ганаровыя граматы тым, хто вызначыўся ў ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый прыроднага характару, а таксама ўзнагародзіў тых, хто прыняў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці і добрасумленна працаваў у органах дзяржаўнага і самакіравання шмат гадоў.
Эстафету віншаванняў і ўзнагароджанняў працягнуў намеснік старшыні аблвыканкама Дзмітрый Пятруша. У сваёй прамове ён адзначыў, што і сёння ёсць месца для гераізму:
– Жыццё не стаіць на месцы, і яно пастаянна даказвае: месца подзвігу ёсць і сёння! Гэты год, як мы з вамі пераканаліся, быў няпростым. Прырода выпрабоўвала нас на трываласць, але мы змаглі даць ёй годны адказ, – звярнуўся да прысутных Дзмітрый Пятруша. – Сёння я шчыра хачу падзякаваць кожнага, хто прыняў удзел у ліквідацыі наступстваў гэтых катаклізмаў: супрацоўнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, працоўныя калектывы, нашых грамадзян.
Тэму згуртаванасці працягнуў намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Павел Шыкшнян. Ён выказаў вялікую падзяку ўсім — работнікам, службам МНС, ЖКГ і звычайным грамадзянам — за эфектыўную працу:
— Дзякуючы нашым агульным намаганням, аператыўнай працы мы ліквідавалі наступствы надзвычайных сітуацый. Гэта паказвае, што мы як нацыя, як краіна моцныя і ўпэўненыя ў нашай будучыні. Хацеў бы сказаць дзякуй усім, хто прымаў удзел у ліквідацыі НС, і павіншаваць усіх з надыходзячым святам, – падкрэсліў Павел Шыкшнян.
Першы сакратар абласнога камітэта БРСМ Жанна Нарыцына ўручыла юбілейныя медалі «105 год Ленінскаму камуністычнаму саюзу моладзі Беларусі» ветэранам, якія прысвяцілі сябе камсамольскаму руху ў Беларусі і з'яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі мерапрыемстваў і акцый, праводзімых БРСМ.
Пасля завяршэння афіцыйнай часткі і ўсіх цырымоній узнагароджання, свята працягнулася яркай канцэртнай праграмай.
Запрошаныя артысты выканалі ваенныя, патрыятычныя і народныя песні, а таксама прадставілі танцавальныя нумары, стварыўшы ўрачыстую і адначасова душэўную атмасферу.
Канцэртныя выступленні глыбока перагукаліся з гістарычным духам Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі, нагадаўшы аб важнасці захавання гістарычнай памяці і адзінства народа.