Віцебская вобласць разлічвае на чвэрць перавысіць леташні намалот збожжа
Віцебская вобласць у бягучым годзе разлічвае на больш высокі ўраджай збожжа, леташні паказчык можа быць перавышаны на 20-25%. Пра гэта паведаміў сёння на пасяджэнні аблвыканкама старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Іван Фёдараў.
"Па ацэнках спецыялістаў, якія зроблены на падставе колькасці плошчаў і стану палёў, валавы збор збожжа чакаецца на 20-25% вышэйшы за леташні, - сказаў старшыня камітэта. - Масавую ўборку збожжавых пачнем 5-7 жніўня".
Усяго аграрыям вобласці трэба будзе абмалаціць больш за 343 тыс. га хлебнай нівы. Паўсюдна актывізавана падрыхтоўка тэхнікі і сушыльнага абсталявання, прадпрыемствы прыцягваюць дадатковыя працоўныя рэсурсы. На выканкаме пастаўлена задача сканцэнтраваць усе сілы, правесці жніво ў максімальна сціслыя тэрміны, з найменшымі стратамі ўраджаю пры строгім захаванні тэхнікі бяспекі і дысцыпліны.
Алена Ціханава - БЕЛТА.