Віцебскія ратавальнікі крэатыўна адсвяткавалі Дзень сям'і, любові і вернасці
Незвычайныя выпрабаванні адбыліся на тэрыторыі Свята-Успенскага кафедральнага сабора ў Віцебску. Даказаць трываласць адносін і гармонію пачуццяў пагадзілася 25 пар. Як расказаў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, начальнік абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Мелешкін, ратавальнікі заўсёды цесна супрацоўнічалі з Віцебскай епархіяй, таму праваслаўная царква адразу падтрымала ініцыятыву работнікаў МНС і актыўна далучылася да мерапрыемства.
– Сёння моладзь праводзіць шмат часу ў інтэрнэце, глядзіць заходнія фільмы і серыялы, дзе транслююцца непрымальныя для нас каштоўнасці. Таму мы вырашылі арганізаваць такое свята для маладых пар, якія складаюцца ў адносінах або ўжо стварылі сям'ю. Каб нашы хлопцы разам са сваёй другой палоўкай адчулі важнасць адносін праз праходжанне выпрабаванняў. Бо нішто так не згуртоўвае сем'і, як сумеснaе пераадоленне цяжкасцей, – адзначыў Сяргей Мелешкін. – Сёння ў нашай краіне робіцца ўсё для таго, каб папулярызаваць традыцыйныя сямейныя каштоўнасці – мацярынства, шматдзетнасць. Сям'я – гэта фундамент, на якім будуецца наша дзяржаўнасць, а дзеці – гэта наша будучыня.
Дарэчы, дата святкавання Дня сям'і, любові і вернасці была выбрана невыпадкова і супадае з памятным днём святых Пятра і Фяўронні Мурамскіх. Жыціе праваслаўных мужа і жонкі – узор хрысціянскага шлюбу і сімвал ідэальных сямейных адносін.
– Як Хрыстос узлюбіў царкву, так і мы павінны ўзлюбіць адзін аднаго. Менавіта любоў і вернасць з'яўляюцца асноватворнымі каштоўнасцямі шлюбу, фундаментам сям'і. Бо ў жыцці бывае шмат цяжкасцей, але калі мы адчуваем падтрымку, любыя выпрабаванні пад сілу. А ад таго, на аснове якіх каштоўнасцей будуць выхоўвацца дзеці, залежыць наша будучыня, – падкрэсліў прадстаўнік Віцебскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы Іерэй Георгій Савецкі.
Каб даказаць трываласць сваіх адносін, кожнай пары трэба было расказаць свой сямейны статут, праявіць эрудыцыю.
Для Аліны Грэбневай і Арцёма Немцова ўсе выпрабаванні былі лёгкімі, таму што, па словах маладой пары, іх падтрымлівала сіла любові.
– Мы разумеем адзін аднаго з паўслова, таму прайшлі надатна выпрабаванне, звязанае з сямейным статутам, і ўпэўнены, што ў астатніх конкурсах будзем на вышыні, – сказаў Арцём Немцоў.
Сужэнцы Ганна і Уладзімір Дадэркіны ўзялі на свята свайго двухгадовага сына Іллюшу, які з цікавасцю праходзіў выпрабаванні разам з бацькамі.
– Усе выпрабаванні вельмі цікавыя, рады, што кіраўніцтва арганізавала для нашай і іншых сем'яў такое свята. Абавязкова прымем удзел у ім яшчэ раз у наступным годзе. Бо яно, сапраўды, нас згуртоўвае, – адзначыў Уладзімір Дадэркін.
Самай кранальнай падзеяй свята стала прапанова рукі і сэрца, якую ў крузе сваіх калег Максім Беляеў зрабіў сваёй дзяўчыне Анастасіі. Дзяўчына сказала: «Так!».
– Я вельмі шчаслівая! Стварэнне сям'і – важны этап нашых адносін, і пачатак новага жыццёвага шляху. Вельмі нечакана і прыемна, – падзялілася эмоцыямі Анастасія.
Пасля выпрабаванняў для ўсіх прысутных у Свята-Успенскім кафедральным саборы адбыўся малебен.