"Віцебскаблмаёмасць": шэсць аб'ектаў гісторыка-культурнай каштоўнасці выстаўлена на аўкцыён у красавіку
На красавік камітэтам назначана 50 аўкцыёнаў, амаль палова з іх з пачатковай цаной, роўнай адной базавай велічыні. Сярод іх адразу шэсць аб'ектаў культуры.
Кляштар кармелітаў у Глыбокім і станцыйны дом у в. Падрэп'е Сянненскага раёна можна будзе набыць на аўкцыёне за базавую велічыню. Вінаробны завод, г. Віцебск, вул. Пакроўская, 7.
Таксама прапануюцца да продажу вінаробны завод па вул. Пакроўскай і адміністрацыйны будынак па вул. 1-я Чырвонагвардзейская ў Віцебску, спіртзавод у аг. Полымя Сянненскага раёна, графская сядзіба ў в. Відзы-Лаўчынскія Браслаўскага раёна.
Самы буйны з вытворчых аб'ектаў, якія прапануюцца ў красавіку – гэта комплекс будынкаў і збудаванняў ільнозавода, размешчаны ў аг. Падсвілле Глыбоцкага раёна. Плошча ўсіх будынкаў комплексу больш за 34 тыс. кв.м. У склад комплексу ўваходзяць адміністрацыйна-бытавы корпус, воданапорная вежа, шохі, матэрыяльны склад, трансфарматарная падстанцыя, вытворчы корпус, кацельня, аўтавесы, мазутнасосная, прахадная. Усе аб'екты нерухомасці прапануюцца за 24 базавыя велічыні.
За тры месяцы гэтага года камітэтам на аўкцыёне прададзены 37 аб'ектаў. Гэта дазволіла не толькі папоўніць дзяржаўны бюджэт на 262 тыс. рублёў, але і ўцягнуць невыкарыстоўваемыя аб'екты ў гаспадарчы абарот.
Найбольш дарагі прададзены ў гэтым годзе аб'ект – склады ў г. Полацку па вул. Гагарына, якія выстаўляліся на аўкцыён за базавую велічыню і ў ходзе таргоў былі прададзены за 73 тыс. рублёў. Таксама ў Полацку быў прададзены будынак ДАІ па вул. Урыцкага – цана продажу склала 61 тыс. рублёў.