Уладзімір Церанцьеў нацэліў правесці на высокім арганізацыйным узроўні найважнейшае палітычнае мерапрыемства - Парламенцкія выбары

Выбарчая кампанія праходзіць на Віцебшчыне ў строгай адпаведнасці з заканадаўствам. Пры гэтым неабходна прыняць вычарпальныя меры і ўлічыць усе да найменшых дэталей для таго, каб у цэлым найважнейшае палітычнае мерапрыемства адбылося на высокім арганізацыйным узроўні, забяспечыць умовы для паўнавартаснай рэалізацыі канстытуцыйных правоў і свабод усіх удзельнікаў выбарчага працэсу.


Такія задачы перад выканаўчай уладай, рознымі арганізацыямі і ведамствамі паставіў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў у ходзе пасяджэння штаба па аказанні садзейнічання акруговым выбарчым камісіям, якое прайшло 22 жніўня.

– Выбарчая кампанія заўсёды з'яўляецца сур'ёзным экзаменам для ўлады, так што ў нас няма спакусы прымяніць палегчаныя падыходы да яе арганізацыі, адсутнічаюць і шапказакідальніцкія настроі, – мабілізаваў удзельнікаў мерапрыемства Уладзімір Уладзіміравіч. Кіраўніцтва вобласці рэальна ацэньвае грамадска-палітычную абстаноўку ў рэгіёне – яна ў цэлым спакойная і кіраваная, няма патэнцыйных крыніц канфліктаў і напружанасці. Так што выбары павінны прайсці арганізавана, кожны з суб'ектаў выбарчага працэсу здольны на высокім узроўні выканаць задачу ў адпаведнасці са сваёй кампетэнцыяй, упэўнены спікер аблсавета.

Сёння ў разгары агітацыйны этап выбарчай кампаніі, які праводзяць 65 зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты. Яны прадстаўляюць шырокі спектр грамадска-палітычных сіл рэгіёну, актыўна выкарыстоўваюць прадастаўленыя па заканадаўстве магчымасці барацьбы за сімпатыі выбаршчыкаў. Ад арганізатараў выбараў патрабуецца карэктна і паважліва вырашаць усе бягучыя пытанні, але рашэнні прымаць у строгай адпаведнасці з заканадаўствам.

У адным з нядаўніх відэазваротаў старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына прысвоіла Віцебшчыне негласны тытул аплота дэмакратыі ў краіне. І чарговая электаральная кампанія павінна пацвердзіць гэта, упэўнены Уладзімір Церанцьеў. Для гэтага, у прыватнасці, неабходна працягваць нарошчваць тлумачальную працу сярод грамадзян, насыціць

грамадскія прасторы населеных пунктаў нагляднай агітацыяй, накіраванай на павышэнне дасведчанасці выбаршчыкаў аб даце правядзення выбараў, кандыдатах у дэпутаты, пры гэтым забяспечваючы апошнім роўныя і адзіныя ўмовы вядзення прапагандысцкай работы.

 Акрамя таго, падчас пасяджэння штаба выпрацаваны падыходы да вырашэння арганізацыйных пытанняў для стварэння ўмоў эфектыўнай дзейнасці участковых выбарчых камісій, у тым ліку іх узаемадзеянню з праваахоўнымі органамі і падраздзяленнямі МНС па забеспячэнні бяспекі на выбарчых участках. Усяго каля 2 тыс. супрацоўнікаў МУС будуць задзейнічаны на ахове грамадскага парадку падчас выбарчай кампаніі.

Сяргей Антонаў, «Віцебскія весці».