На пасяджэнні аблвыканкама разгледжана пытанне прафілактыкі траўматызму і рэалізацыі комплексу мер па бяспечных умовах працы
За 9 месяцаў гэтага года выкананы ўсе пяць паказчыкаў, прадугледжаных падпраграмай «Ахова працы» Дзяржаўнай праграмы сацыяльнай абароны і садзейнічання занятасці на 2016 – 2020 гг. Палепшаны ўмовы больш чым на 8,5 тыс. працоўных месцах з шкоднымі і неспрыяльнымі ўмовамі працы. Паказчык прафзахворванняў з'яўляецца самым нізкім у краіне. У папярэднім і гэтым гадах выяўлена па адным выпадку, у той час як у іншых рэгіёнах іх зафіксавана ад 44 да 97.
У прафілактыцы прафзахворванняў важнае значэнне маюць санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне. Сёлета на гэтыя мэты было выдзелена звыш 4 тыс. пуцёвак (107% ад задання). Уведзена ў эксплуатацыю 434 санітарна-бытавых і дапаможных памяшкання. За кошт мадэрнізацыі вытворчасці ўмовы працы палепшаны на такіх прадпрыемствах, як Браслаўскі філіял Глыбоцкага МКК, Гарадоцкая птушкафабрыка, Мёрскі мясакамбінат і інш.
У цяперашні час у арганізацыях працуюць 1 132 вызваленых спецыяліста па ахове працы (укамплектаванасць – 99,6%). Павысілі кваліфікацыю ў гэтым пытанні больш за 12 тыс. работнікаў. Праведзены тэматычныя месячнікі, дні аховы працы, семінары. Для стымулявання наймальнікаў і калектываў па стварэнні здаровых і бяспечных умоў арганізаваны агляды-конкурсы, па выніках якіх у ліку лепшых апынуліся інстытут «Віцебскграмадзянпраект», аршанскае ДЭУ-39 «Віцебскаўтадар», АТП-5 (Віцебск), Аршанскае ўпраўленне магістральных газаправодаў.
У цэлым па вобласці праводзіцца вялікая праца па прафілактыцы вытворчага траўматызму. Аднак парушэнні і недахопы ўсё ж прыводзяць да гібелі людзей на працоўных месцах. У 2016 годзе ў выніку няшчасных выпадкаў на вытворчасці загінула 18 чалавек, з іх дзевяць – у арганізацыях АПК. Рост траўматызму са смяротным зыходам дапушчаны ў 11 раёнах.
З пачатку года за парушэнні патрабаванняў заканадаўства да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 7 тыс. кіраўнікоў і службовых асоб, сума штрафаў склала больш за 513 тыс. руб.Намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пянін падкрэсліў: асноўнай прычынай няшчасных выпадкаў са смяротным і цяжкім зыходам з'яўляецца невыкананне кіраўнікамі і спецыялістамі патрабаванняў аховы працы. Чаму гэта адбываецца? Не ствараюцца належныя ўмовы і адсутнічае кантроль, упэўнены Аляксандр Хрыстафораў. Там, дзе аховай працы займаюцца штодня, усё ў норме.
На пасяджэнні былі заслуханы старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Сяргей Догель, кіраўнікі Глыбоцкага і Лепельскага раёнаў, дзе дапушчаны істотны рост няшчасных выпадкаў на вытворчасці.
І тым не менш намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Ігар Старавойтаў адзначыў, што на Віцебшчыне праца па забеспячэнні бяспечных умоў працы носіць комплексны характар. Ён таксама звярнуў увагу, што для зніжэння чалавечага фактару ёсць велізарны рэзерв у калектыўных дагаворах.
Звярнуўся да ўдзельнікаў пасяджэння і памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – галоўны інспектар па Віцебскай вобласці Аляксандр Пазняк. Ён падкрэсліў, што прадстаўнікі ўлады павінны служыць прыкладам выканання выканаўчай і працоўнай дысцыпліны.
Сяргей Ляшук, «Віцебскія весці».