Пытанні арганізацыі ўборкі ўраджаю абмеркавалі на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама
На палях Віцебскай вобласці працуе каля 780 камбайнаў, якія ўбіраюць рапс і ў асобных раёнах прыступаюць да ўборкі збожжавых. Аднак для паспяховага і своечасовага завяршэння жніва неабходна каля 1,2 тыс. такіх сельскагаспадарчых машын. Анатоль Ліневіч і першы намеснік старшыні аблвыканкама Алег Мацкевіч разбіраліся на адкрытым пасяджэнні ў становішчы спраў як у цэлым па вобласці, так і па асобных раёнах. Сітуацыю з прастоям камбайнаў і недахопам камбайнераў, каля 30 чалавек з якіх знаходзяцца на бальнічным, памочнік Прэзідэнта назваў крычучай і адзначыў, што да жніва трэба было рыхтавацца загадзя і прыводзіць увесь аўтапарк у належны стан загадзя. "Калі механізатар захварэў, знайдзіце яму замену. Камбайны прастойваць не павінны. Збор ураджаю – гэта амаль ваеннае становішча, тут трэба быць гатовым на ўсе сто. І за кожны дзень прастою трэба сурова караць", – сказаў Анатоль Ліневіч.
"У тыя раёны, дзе не хапае тэхнікі і механізатараў, накіроўваем камбайны і спецыялістаў з іншых рэгіёнаў і гарадоў. Вобласць на 89% забяспечана механізатарамі, і каля 500 яшчэ дадаткова накіравалі на дапамогу аграрыям, уключаючы навучэнцаў, якія выконваюць працу памочнікаў камбайнераў, а таксама супрацоўнікаў розных арганізацый. Спецыфіка працы камбайнераў у тым, што яны павінны не толькі ўмець кіраваць такой складанай тэхнікай, але і атрымліваць асаблівы допуск. Таксама прадпрыемствам аграпрамысловых аб'яднанняў галоўныя прадпрыемствы будуць дапамагаць работнікамі і тэхнікай, распрацавана схема такой дапамогі", – адзначыў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Сяргей Ягораў.
Таксама ён дадаў, што не ўсе арганізацыі вылучылі людзей для дапамогі вёсцы падчас уборкі ўраджаю: у вобласці 16 прадпрыемстваў не накіравалі сваіх работнікаў на палі. Сяргей Егораў падкрэсліў, што з іх кіраўнікамі вядуцца пастаянныя перамовы на гэту тэму, але Алег Мацкевіч адрэагаваў жорстка. "Калі прадпрыемствы ігнаруюць рашэнне аблвыканкама, то мы не будзем з імі цырымоніцца. Цяпер уборка хлеба - першачарговая задача, гэта павінны разумець усе", - паставіў ён пытанне рубам.
Аб стратэгіі шэфскай дапамогі распавёў прадстаўнік Віцебскага мясакамбіната: прадпрыемства накіруе 3-4 камбайны ў Сенненскі раён, дзе ўжо працуе 2 хлебаўборачныя машыны камбіната. Як толькі ўбяруць рапс з палёў, тэхніку перакіднуць на ўборку збожжавых у гэты ж раён. Падобнае ўзаемадзеянне распісана для кожнага галоўнага прадпрыемства аграпрамысловых аб'яднанняў: усе кіраўнікі ведаюць, куды накіраваць тэхніку і спецыялістаў.
Алег Мацкевіч даў распараджэнне прадаставіць яму звесткі аб прадпрыемствах, якія адмаўляюцца дапамагаць падчас жніва, і далажыць аб заканчэнні ўборкі рапсу і пачатку ўборкі збожжавых. "Таксама дайце ацэнку кадрам. Абыякавасць можна патлумачыць, але словамі ўраджай не выратаваць. Надвор'е непрадказальнае, трэба жаць тут і зараз", - заключыў ён.