Аднавіць «добрае імя»
У пракуратуру вобласці звярнуўся грамадзянін М., які пражывае ў адным з населеных пунктаў Брэсцкай вобласці, са скаргай на прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці судом Аршанскага раёна і г.Оршы на падставе пратакола, складзенага супрацоўнікамі Аршанскага АУС натранспарце, за паўторнае на працягу года з'яўленне ў стане алкагольнага ап'янення ў грамадскім месцы – на тэрыторыі чыгуначнага вакзала станцыі Орша-Цэнтральная (ч.3 арт.17.3 КоАП Рэспублікі Беларусь).
Грамадзянін сцвярджаў, што дадзенае адміністрацыйнае правапарушэнне ён здзейсніць не мог, так як ва ўказаны ў пастанове час знаходзіўся на працоўным месцы, якое размешчана ў Брэсцкай вобласці, пры разглядзе справы ён не прысутнічаў, а аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці даведаўся толькі пасля таго, як у дачыненні да яго было ўзбуджана выканаўчае вядзенне.
Праверкай устаноўлена, што грамадзянін М. сапраўды ва ўказаны ў пастанове па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні час не мог знаходзіцца на тэрыторыі ўказанага вакзала, так як межы Брэсцкай вобласці ў той дзень не пакідаў, што пацвярджаецца звесткамі аб яго тэлефонных злучэннях і дакументамі, прадстаўленымі з месца працы.
Акрамя таго, у ходзе праверачных мерапрыемстваў выяўлены факт незаконнага прыцягнення ўказанага грамадзяніна да адміністрацыйнай адказнасці Аршанскім АУС натранспарце, супрацоўнікамі якога раней, у той жа дзень, на грамадзяніна М. было накладзена адміністрацыйнае спагнанне за распіццё піва на прывакзальнай плошчы таго ж вакзала (ч.1 арт.17.3 КоАП Рэспублікі Беларусь).
З улікам выкладзенага, пракуратурай вобласці на пастанову суда Аршанскага раёна і г.Оршы прынесены пратэст, які задаволены Віцебскім абласным судом. Пастанова Аршанскага АУС натранспарце адменена пракуратурай у парадку нагляду, а начальніку ўказанага аддзела накіравана даручэнне аб правядзенні службовай праверкі па выкладзеных фактах.
Пракурор аддзела па наглядзе за
выкананнем
заканадаўства і
законнасцю прававых актаў
А.Нізюлька.