Дэманстрацыяй згуртаванасці жыхароў Віцебшчыны стаў прымеркаваны да Дня народнага адзінства Форум патрыятычных сіл «Час выбраў нас. Час новых перамог».

Демонстрацией сплоченности жителей Витебщины стал приуроченный ко Дню народного единства Форум патриотических сил «Время выбрало нас. Время новых побед»
Ён сабраў у Летнім амфітэатры прадстаўнікоў усіх рэгіёнаў, палітычных партый, грамадскіх аб'яднанняў.

Віншуючы землякоў са святам, старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін адзначыў, што 17 верасня 1939 года – новая светлая старонка гісторыі народа Беларусі, час, калі пачаў складацца фундамент той дзяржавы, у якой мы сёння жывём.

– Толькі разам, сумесна мы можам прайсці ўсе выпрабаванні і вырашыць любую праблему. Так было заўсёды – з далёкіх стагоддзяў і да сённяшняга дня, – падкрэсліў кіраўнік вобласці і назваў у якасці прыкладу ўборачную кампанію сёлетняга года. У невымоўна складаных умовах аграрыі прадэманстравалі неверагодную арганізаванасць і адзінства. Плеча-ў-плеч, яны выйшлі ў палі, і дзякуючы самаадданай працы, зладжанай працы, пры падтрымцы гараджан, вайскоўцаў, хлебаробаў з суседніх абласцей, дасягнулі рэкордных вынікаў – намалацілі больш за мільён тон збожжа! Калі бяда прыйшла да суседзяў, як гэта здарылася падчас летняга ўрагану з Магілёўшчынай, Віцебская вобласць не раздумваючы аказала пасільную дапамогу.– Мы не пакідаем сваіх у бядзе, падтрымліваем адзін аднаго, верым у свае сілы і светлую будучыню нашай краіны. Мы зробім краіну яшчэ прыгажэйшай, утульнейшай, цудоўным месцам для жыцця нашых дзяцей і ўнукаў, – запэўніў Аляксандр Субоцін.

Спікеры, якія выходзілі на галоўную сцэну абласнога цэнтра, гаварылі аб важнасці аднаўлення беларускага народа, значнасці самага маладога дзяржаўнага свята краіны, якое сімвалізуе пераемнасць пакаленняў, непахіснасць і самадастатковасць беларускай нацыі і дзяржаўнасці.

– Я люблю Беларусь і спадзяюся, што гэта ўзаемна! – завяршыў сваё эмацыйнае выступленне член Савета Рэспублікі, генеральны дырэктар Цэнтра культуры «Віцебск» Глеб Лапіцкі.

Старшыня абласной арганізацыі грамадскага аб'яднання «Ветэраны дэсантных войскаў і сіл спецыяльных аперацый» Вячаслаў Белавус звярнуўся да моладзі з наказам берагчы сваю Радзіму.
– Не шукайце шчасця ў чужых краях, там вы заўсёды будзеце чужымі, а тут вы гаспадары зямлі, тут вам адкрыты ўсе шляхі. Памятайце: мы адзіныя, а значыць – непераможныя, – сказаў Вячаслаў Белавус.

Натхняльныя словы прагучалі ў выступленнях настаўніка гісторыі Віцебскай сярэдняй школы № 12 Іллі Кузняцова, студэнткі Віцебскага медуніверсітэта, самага маладога дэлегата VII Усебеларускага народнага сходу Елізаветы Івановай. Урачыстым і кранальным момантам стала выкананне фіналістам Нацыянальнага фестывалю-конкурсу патрыятычнай песні «Салдатскі канверт-2025» Аляксандрам Малашанкам песні Расула Гамзатава «Жураўлі», якую зала слухала стоячы.

І таксама стоячы праводзіў са сцэны роту Ганаровай варты 103 Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады і Віцебскага кадэцкага вучылішча, якая адправілася ўскласці памятную гірлянду да Вечнага агню мемарыяльнага комплексу ў гонар воінаў-вызваліцеляў.

Яшчэ не раз падчас канцэртнай праграмы шматтысячная зала Летняга амфітэатра падымалася і падпявала. Кожнае выступленне маладых таленавітых артыстаў было напоўнена глыбінным сэнсам і яркай эмацыйнай афарбоўкай. Павіншаваць Віцебшчыну са святам прыехаў саліст гурта «Дразды» Віталь Карпанаў. 

У фінале вядучы – дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Бабічаў запрасіў на сцэну прадстаўнікоў усіх дэмакратычных сіл Віцебшчыны. Пад мелодыю песні «Адна на ўсіх» вынеслі велізарны дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, які, здавалася, сабраў у сабе ўсе маленькія флажкі і вялікія сцягі ў руках удзельнікаў форуму. 

"Віцебскія весці"