Выяўлены парушэнні заканадаўства, якое рэгулюе пытанні забеспячэння належнага функцыянавання месцаў пахавання


Нямалаважнай сферай дзейнасці мясцовых выканкамаў з'яўляецца забеспячэнне належнага функцыянавання грамадскіх, веравучэннявых месцаў пахавання, воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр войнаў, выяўленне старых і невядомых магіл з мэтай захавання памяці аб асобных грамадзянах, падзеях нацыянальнай гісторыі, прымнажэнні гісторыка-культурнай спадчыны. Праведзенай органамі пракуратуры Віцебскай вобласці праверкай практычна ва ўсіх рэгіёнах вобласці выяўлены парушэнні заканадаўства, што рэгулюе гэтыя пытанні.

Так, паўсюдна не арганізавана належная праца па інвентарызацыі месцаў пахавання з мэтай выяўлення самавольных пахаванняў і участкаў для пахаванняў, на якіх знаходзяцца разбураныя надмагільныя збудаванні, ступень разбурэння якіх выключае іх рамонт і аднаўленне (Браслаўскі, Глыбоцкі, Ушацкі, Шаркаўшчынскі, Шумілінскі, Мёрскі, Дубровенскі, Чашніцкі раёны і інш.).

У адпаведнасці з заканадаўствам усе ўчасткі для пахавання падлягаюць дзяржаўнаму ўліку, што на практыцы часта не выконваецца (Дубровенскі, Шаркаўшчынскі, Чашніцкі і іншыя раёны). У той жа час недахопы пры ажыццяўленні дзяржаўнага ўліку месцаў пахавання адмоўна адбіваюцца на фарміраванні дзяржаўнай цэнтралізаванай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы «Рэгістр насельніцтва», аснову якой складае база персанальных даных фізічных асоб, у тым ліку аб месцы пахавання.

Далёка не ўсё добра з добраўпарадкаваннем месцаў пахавання. У прыватнасці, многія могілкі не абсталяваны пляцоўкамі для часовага захоўвання адходаў, дапускаецца несвоечасовы іх вываз, у выніку ўтвараюцца звалкі смецця, рэшткаў драўняна-хмызняковай расліннасці і выкарыстаных рытуальных прыналежнасцей непасрэдна на месцы пахавання або за яго агароджай, у тым ліку недалёка ад жылых дамоў у сельскай мясцовасці. Не заўсёды своечасова прымаюцца меры па выдаленні дрэў, што знаходзяцца ў аварыйным стане, рамонце агароджаў і ўстараненні іншых недахопаў у частцы добраўпарадкавання месцаў пахавання (Бешанковіцкі, Гарадоцкі, Шумілінскі, Віцебскі, Ушацкі,Толочынскі, Лепельскі, Докшыцкі і іншыя рэгіёны).

Паводле палажэнняў заканадаўства ўчасткі зямлі, на якіх размешчаны старыя магілы, могуць быць выкарыстаны толькі пад зялёныя насаджэнні, на гэтай тэрыторыі не дапускаецца ўзвядзенне капітальных будынкаў (за выключэннем мемарыяльных і культавых). Між тым, на месцах не заўсёды прымаюцца належныя меры па вызначэнні межаў занятых старымі магіламі тэрыторый, вырашэнні іх прававога лёсу ў мэтах недапушчэння неправамернага выкарыстання такіх тэрыторый. Як вынік, маюцца старыя неўлічаныя пахаванні, якія знаходзяцца ў закінутым стане, зарослыя хмызняковай расліннасцю і травой, з пашкоджанымі надмагіллямі, што ў цэлым негатыўна адбіваецца на знешнім абліччы населеных пунктаў (Глыбоцкі, Пастаўскі, Шаркаўшчынскі, Браслаўскі і некаторыя іншыя раёны).

Не ва ўсіх выпадках мясцовымі Саветамі дэпутатаў прыняты рашэнні аб закрыцці месцаў пахавання, нягледзячы на тое, што пахаванні на іх фактычна не праводзяцца працяглы час (Мёрскі, Росанскі і іншыя раёны). Па большасці наяўных месцаў пахавання не аформлены праваўстаноўчыя дакументы на зямельныя ўчасткі.

Выканкамамі не арганізавана належным чынам праца па выяўленні месцаў пахавання, якім можа быць прысвоены статус гісторыка-мемарыяльнага месца пахавання. А гэта такія месцы пахавання, дзе пахаваны знакамітыя і выдатныя асобы, асобы, якія маюць заслугі перад дзяржавай і грамадствам, размешчаны гісторыка-культурныя каштоўнасці, унікальныя аб'екты культавага прызначэння і матэрыяльныя аб'екты, якія валодаюць адметнымі мастацкімі ўласцівасцямі для прыдання ім статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, месцы масавага пахавання грамадзян. Такога роду аб'екты ўстаноўлены ў г.Віцебску, г.Полацку, Глыбоцкім, Мёрскім раёнах і некаторых іншых рэгіёнах, у сувязі з чым мясцовым выканкамам прапанавана разгледзець пытанне аб ініцыяванні перад аблвыканкамам прысваення дадзеным аб'ектам статусу гісторыка-мемарыяльнага месца пахавання.

У мэтах ухілення выяўленых парушэнняў і навядзення парадку ў дадзенай сферы пракурорамі падрыхтавана больш за 15 актаў пракурорскаганагляду, у тым ліку пракуратурай вобласці ўнесена адпаведнае прадстаўленне у Віцебскі аблвыканкам.

Старшы памочнік пракурора вобласці Алена Казлова.