Выстава «У Віцебскім небе» да 95-годдзя Віцебскага аэраклуба ДТСААФ
29 снежня 2025 года а 12:00 у Віцебскім абласным краязнаўчым музеі (Ратуша, вул. Леніна, 36) адкрываецца выстава «У Віцебскім небе», да 95-годдзя Віцебскага аэраклуба ДТСААФ.
Вось ужо 95 гадоў неба Віцебска праразаюць сляды самалётаў і ўпрыгожваюць купалы парашутаў. Выстава «У Віцебскім небе» ‒ гэта гісторыя пра мару, якая стала прафесіяй, і пра смеласць, якая стала традыцыяй.
1 студзеня 2026 года найстарэйшы ў краіне Віцебскі аэраклуб ДТСААФ адзначае 95 гадоў з дня заснавання. Да гэтай знамянальнай даты Віцебскі абласны краязнаўчы музей сумесна з аэраклубам падрыхтаваў выставачны праект.
Упершыню ў гісторыі дзейнасць легендарнага аэраклуба будзе прадстаўлена ў музейнай прасторы. Мы запрашаем зазірнуць за кулісы аэрадромнага жыцця. Вы ўбачыце асабістыя рэчы інструктараў і спартсменаў, спартыўныя ўзнагароды і кубкі, мадэлі самалётаў і верталётаў, парашуты розных гадоў і авіяцыйныя прыборы. Гэта рэдкая магчымасць дакрануцца да закрытага свету авіятараў, які даступны толькі вузкаму колу прысвечаных. Выстава «У Віцебскім небе» ‒ гэта не проста хроніка падзей, гэта лёсы людзей, для якіх зямное прыцяжэнне заўсёды было толькі нагодай зноў падняцца ўвысь.
Выстава будзе прадстаўлена да 29 сакавіка 2026 года.
Уваходныя білеты:
дарослы – 4 руб., школьнік, студэнт – 2 руб.
Тэлефоны для даведак: 66-05-87, +375 29 210 22 61