Халодныя кватэры і ачыстка вуліц ад снегу. З якімі пытаннямі тэлефанавалі жыхары вобласці на першую «прамую лінію» сёлета?

Навагоднія святы засталіся ззаду, прыйшлі зімовыя будні, а разам з імі і зімовыя праблемы. Нямала клопату даставіла жыхарам вобласці студзеньскае надвор'е, як паказала «прамая лінія» з кіраўніцтвам аблвыканкама.
Зваротаў аказалася каля трох дзясяткаў, і традыцыйна лідзіравалі пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Трывожыць той факт, што многія скардзіліся на нізкую тэмпературу ў кватэрах, а гэта ў 30-градусны мароз, з якім мы сутыкнуліся ў пачатку студзеня, мякка кажучы, не надта прыемна. Паведамленні аб неадпаведнай патрабаванням тэмпературы ў кватэрах паступілі з праспекта Фрунзе, вуліц Чкалава і Церашковай абласнога цэнтра, з Полацка і Оршы. Пры гэтым на вуліцы Церашковай узнікла цэлая гісторыя з вымярэннем тэмпературы: жанчыне давялося два разы адпрошвацца з працы, але замяральшчыкаў з ЖЭУ ў агавораны час яна так і не дачакалася. Прыйшлі толькі на трэці і без неабходнага абсталявання, сцвярджае яна. У Оршы холадна на першых паверхах аднаго з новабудоўляў, і зараз навасёлы не могуць разабрацца, хто павінен несці за гэта адказнасць і выпраўляць недахопы пры будаўніцтве. А ў Полацку на першым паверсе адной з высотак на вуліцы Марыненкі мала таго, што холадна, так яшчэ у дадатак прыборы ўліку цеплавой энергіі ў падвале выдаюць шум, з якім дзве суседкі ваююць ужо шмат гадоў. Па словах Ларысы Іосіфаўны, якая патэлефанавала на «прамую лінію», мясцовыя ўлады ў курсе праблемы, перыядычна яна вырашаецца, але толькі часова.
Алег Мацкевіч даў даручэнне дэталёва разабрацца ў гэтых сітуацыях, прыняць меры і далажыць, па якіх прычынах не вырашаны да гэтага часу.
– Што тычыцца тэмпературы ўнутры памяшканняў, такіх званкоў быць не павінна, падобныя пытанні неабходна вырашаць на месцах і маментальна, – падкрэсліў Алег Сяргеевіч.
Нягледзячы на тое, што субота выдалася надзвычай снежнай, званкоў з нагоды
У цэлым спектр праблем, якія ўзнімаліся падчас «прамой лініі», быў шырокі. У прыватнасці, зямельныя пытанні ў адным з сельсаветаў Глыбоцкага раёна і ў Тулавым. З вёскі Кашына Віцебскага раёна цікавіліся, ці будзе праведзена газіфікацыя населенага пункта ў 2017-м, пра што раней ішла размова.
Разнастайнай была і геаграфія зваротаў. І ўсё ж у лідарах апынуліся Віцебск і Орша, прычым з апошняй паступіла каля трэці ўсіх званкоў, у тым ліку з нагоды функцыянавання смеццеправода і вывазу смецця, рамонту дзіцячай пляцоўкі ля дома, праблем з напорам вады і інш. Алег Мацкевіч зрабіў адпаведныя высновы і даў даручэнні.
Былі звароты тых, хто не першы раз тэлефанаваў на «прамую лінію» і апынуўся не згодны з атрыманым адказам.
– Калі нехта ўладкоўвае папяровую цяганіну, разбярэмся, пакараем, – адказваў Алег Сяргеевіч. – Але пытанні павінны вырашацца толькі ў межах закона. Што тычыцца чыноўнікаў, калі паабяцаў, напісаў, калі і што будзе зроблена, – то выконвай.
Падводзячы вынік, намеснік старшыні аблвыканкама падкрэсліў: асноўны прабел – жыллёва-камунальная гаспадарка. На яго думку, калі б там была выбудавана дакладная сістэма – мясцовая ўлада плюс самі структуры ЖКГ – пытанняў было б напалову менш. Да таго ж, акрамя недахопу фінансавання, вялікую ролю ў гэтай сферы адыгрывае чалавечы фактар. Сітуацыі з ацяпленнем, водазабеспячэннем і іншыя ўзнікаюць на тэрыторыі розных ЖЭУ, але дзесьці яны вырашаюцца аператыўна, а дзесьці людзям даводзіцца пісаць і хадзіць па інстанцыях.
Акрамя таго, Алег Мацкевіч адзначыў, што не было ніаднаго пытання з нагоды невыплаты заробку і ўсяго адно аб дапамозе ў працаўладкаванні (трэнер па веславанні на байдарках з Оршы), хоць звычайна такія звароты бываюць. На думку Алега Мацкевіча, гэта вынік мэтанакіраванай сістэмнай працы, якая вядзецца ў вобласці ў гэтым напрамку.
Вольга Маслоўская. Фота Дзмітрыя АСІПОВА. «Віцебскія весці».