Пасяджэнне каардынацыйнага савета па Дэкрэце №18 і КДН: у Віцебскай вобласці ў I квартале на чвэрць знізілася падлеткавая злачыннасць

У Віцебскай вобласці колькасць злачынстваў сярод непаўналетніх за першы квартал гэтага года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2018-га скарацілася на чвэрць. Гэтая тэндэнцыя была агучана на сумесным пасяджэнні абласнога каардынацыйнага савета па Дэкрэце №18 і камісіі па справах непаўналетніх. 

Сёлета адзначаецца дынаміка зніжэння падлеткавай злачыннасці: у першым квартале яна скарацілася на 26,5% у параўнанні з аналагічным перыядам 2018 года. Аднак за гэтыя тры месяцы назіраецца рост асабліва цяжкіх і цяжкіх злачынстваў сярод непаўналетніх (з 4 да 7). Па выніках 2018 года падлеткавая злачыннасць скарацілася на 13,5%, але ў некаторых раёнах быў яе рост, найбольш значны - у Віцебскім, Глыбоцкім і Чыгуначным раёне абласнога цэнтра. 

Намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пянін, які кіраваў пасяджэннем, звярнуў увагу, што, ацэньваючы станоўчыя вынікі працы органаў прафілактыкі, трэба памятаць аб недахопах. Праблемы ў сферы правоў дзяцей заўсёды будуць актуальнымі, і фармалізм з боку службовых асоб да выканання сваіх абавязкаў недапушчальны. 

"Пры правядзенні маніторынгаў варта перагледзець прыярытэты ў ацэнцы вынікаў працы дзяржаўных органаў па ахове інтарэсаў дзяцей. Па-першае, трэба звярнуць увагу на падбор кадраў на ўсіх узроўнях сістэмы абароны дзяцей. У гэтай сферы павінны працаваць людзі адказныя, прафесіяналы сваёй справы. Па-другое, прыярытэтамі ў ацэнцы эфектыўнасці працы павінны быць умовы жыцця канкрэтнага дзіцяці ў сям'і і своечасовасць прынятых мер па яго абароне. Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на сем'і, якія прымаюць дзяцей. Іх колькасць у Віцебскай вобласці расце, гэта добра, але якасць іх працы, як жывецца там дзецям - гэтым трэба цікавіцца", - падкрэсліў Уладзімір Пянін.

Ён нацэліў намеснікаў старшынь гаррайвыканкамаў, кіраўнікоў аддзелаў па адукацыі на сістэмную працу з гэтай катэгорыяй сем'яў. Сёння ў аблвыканкаме прайшло сумеснае пасяджэнне абласнога каардынацыйнага савета па Дэкрэце №18 і камісіі па справах непаўналетніх. На ім спецыялісты абмеркавалі стан

падлеткавай злачыннасці, прычыны і ўмовы здзяйснення правапарушэнняў, эфектыўнасць работы раённых саветаў і камісій і інш.

БЕЛТА.