Пасяджэнне абласнога аргкамітэта па падрыхтоўцы да святкавання Дня Перамогі: ветэранам у красавіку пачнуць уручаць медалі да 75-годдзя Перамогі

Медалі ў гонар 75-годдзя Вялікай Перамогі ветэранам у Віцебскай вобласці пачнуць уручаць з 10 красавіка. Пра гэта паведаміў журналістам перад пасяджэннем абласнога аргкамітэта па падрыхтоўцы да святкавання Дня Перамогі яго старшыня, кіраўнік Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнтаў.

Падчас пасяджэння ўдзельнікі вызначылі, якая неабходна ветэранам дапамога, у тым ліку ва ўмовах цяперашняй эпідэміялагічнай сітуацыі. У Віцебскай вобласці пражываюць 647 ветэранаў. "У першую чаргу трэба аказаць садзейнічанне ў набыцці лекаў і прадуктаў. Удакладніць, ці ўсе прайшлі медыцынскае абследаванне, якую сацыяльную дапамогу атрымліваюць. З 1 красавіка ў рэгіёне ветэранам пачнуць выдаваць матэрыяльную дапамогу, а з 10 красавіка - уручаць медалі ў гонар 75-годдзя Вялікай Перамогі", - сказаў Уладзімір Цярэнтаў.

Арганізацыйны камітэт заклікае грамадскія арганізацыі, школы, прадпрыемствы абмежаваць наведванне ветэранаў. Уручаць належную ім дапамогу будуць не масава і толькі людзі, якія прайшлі неабходны медагляд.

Старшыня аргкамітэта расказаў, што РГА "Белая Русь" выступіла з ініцыятывай прысвоіць школе №47, якая будуецца ў Віцебску, імя Героя Савецкага Саюза генерала Яўгена Іваноўскага. Адпаведная прапанова накіравана ў гарвыканкам. Таксама ёсць верагоднасць, што школа ў пасёлку Бабінічы Віцебскага раёна будзе насіць імя яго ўраджэнца, партызана, Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Курыленкі. З такой ініцыятывай выступілі мясцовыя жыхары.

БЕЛТА.