Пасяджэнне абласнога штаба па барацьбе з распаўсюджваннем COVID-19: аб выплатах медыкам, зніжэнні захворвання і санаторна-курортным аздараўленні тых, хто перахварэў

13 мая на чарговым пасяджэнні абласнога штаба па процідзеянні распаўсюджванню каранавіруснай інфекцыі прааналізавалі, як працуе выбудаваная сістэма рэагавання на пагрозу, і абмеркавалі новыя пытанні, якія ўзнікаюць.



- Мы бачым, што на працягу апошніх двух тыдняў дынаміка захворвання ідзе ўніз, -- папярэдзіўшы размову старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў, - праблема не нарастае. Трэба ўважліва паглядзець на выкананне ў Віцебскай вобласці ўказа Прэзідэнта № 131 аб матэрыяльным стымуляванні медыцынскіх работнікаў, задзейнічаных у лячэнні пацыентаў з COVID-19. У прэсе з'явілася негатыўная інфармацыя аб тым, што камусьці недаплацілі, кагосьці ўшчэмлілі. Ці ўсе прапісаныя ў дакуменце катэгорыі работнікаў у нас улічаны, ці няма абражаных людзей, каб з добрай справы мы не перавялі пачынанне ў негатыў?



Начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Міхаіл Вішневецкі даў тлумачэнні на прагучаўшыя пытанні.

- З 5 па 19 мая ажыццяўляецца выплата заработнай платы за красавік, у якую ўжо ўключаны прадугледжаныя указам надбаўкі. Да гэтай працы мы рыхтаваліся, правялі семінары для эканамічных службаў медустаноў, растлумачыўшы ім парадак налічэння надбавак. (Дакументам прадугледжаны два крытэрыі: надбаўкі належаць тым, хто непасрэдна працаваў з інфікаванымі COVID-19 пацыентамі, а таксама бярэцца пад увагу адпрацаваны час). Затым сабралі пытанні, якія ў іх узніклі, далі на іх адказы. Але паколькі невыразнасць у асобных работнікаў застаецца, рэкамендавана звяртацца ў планава-эканамічную службу аблздрава для ўрэгулявання ўсіх нюансаў.

Дарэчы, належныя надбаўкі атрымліваюць пры адпаведнасці крытэрыям указа і студэнты ВДМУ, якія ў гэтай сітуацыі прыйшлі на дапамогу старэйшым калегам і працаўладкаваны на месцы сярэдніх медработнікаў. Гэта для іх не практыка, а паўнавартасная праца.

Дэталёва абмяркоўвалася на пасяджэнні штаба і бягучая сітуацыя па захворвальнасці, ход лячэння пацыентаў. Па словах Міхаіла Вішневецкага, за тыдзень у вобласці захворвальнасць на рэспіраторныя інфекцыі знізілася на 16 працэнтаў, 69,3 працэнта ў структуры хворых – дарослае насельніцтва. З канца красавіка колькасць пацыентаў з пнеўманіямі, якія знаходзяцца на стацыянарным лячэнні, паменшылася па вобласці на 20 працэнтаў, па Віцебску – на 29 працэнтаў. Гэта дало магчымасць правесці па чарзе дэзынфекцыю медустаноў, каб мінімізаваць магчымы ўплыў унутрыбальнічных інфекцый на пацыентаў і персанал, даць апошняму перадышку. І медыкі зноў прыступаюць да інтэнсіўнай працы. Пакуль пры станоўчай дынаміцы колькасць пнеўманій дастаткова вялікая, таму масава выводзіць стацыянары з інфекцыйнага профілю не даводзіцца. З 18 мая да прыёму профільных пацыентаў вяртаецца толькі онкадыспансер. Затым плануецца адзін з карпусоў абласной клінічнай бальніцы.

- Супакойвацца нам нельга, - яшчэ раз падкрэсліў кіраўнік аблздрава, - эпідэміялагічная сітуацыя на Віцебшчыне пры ўсёй стабільнасці застаецца складанай, з 1 красавіка па 12 мая выпісана больш за 5400 пацыентаў, якія вылечаны ад пнеўманіі. Да працы прыступілі 308 медыкаў, якія перанеслі каранавірусную інфекцыю. Хацеў бы яшчэ раз звярнуцца да жыхароў Віцебскай вобласці з настойлівай просьбай выконваць усе прафілактычныя мерапрыемствы, у тым ліку сацыяльнае дыстанцыяванне. Гэта адна з умоў таго, каб пазітыўная дынаміка працягвалася і ўстойліва замацоўвалася.

Дадамо, што ў адпаведнасці з даручэннем Кіраўніка дзяржавы Мінздароў прапрацоўвае катэгорыі грамадзян, якія будуць падлягаць санаторна-курортнаму аздараўленню пасля перанесенай цяжкай пнеўманіі. Усіх такіх пацыентаў лячэбныя ўстановы зараз пафамільна выбіраюць з баз дадзеных.