Пасяджэнне абласнога штаба па барацьбе з распаўсюджваннем COVID-19: у Віцебскай вобласці за выхадныя зменшыўся прыток пацыентаў з захворваннямі на пнеўманію

«Пры першых сімптомах – да ўрача» – з такімі словамі звярнуўся да жыхароў Віцебскай вобласці начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Міхаіл Вішневецкі, які распавёў пра сітуацыю з вострымі рэспіраторнымі захворваннямі і іх ускладненнямі на сённяшнім пасяджэнні абласнога штаба па барацьбе з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі.

Па словах Міхаіла Леанцьевіча, прыток пацыентаў з захворваннямі на пнеўманію за мінулыя выхадныя быў нязначным. У суботу шпіталізавана 109 чалавек, у нядзелю – 56. Яшчэ некалькі дзён таму гэтыя лічбы былі значна больш – даходзілі да 300 і вышэй.

– Але пакуль складана гаварыць аб устойлівасці гэтай тэндэнцыі. Магчыма, людзі з сімптомамі захворванняў не захацелі звяртацца да медыкаў. Найбліжэйшыя дні пакажуць рэальную карціну. Зніжэнне колькасці пацыентаў дало магчымасць медыцынскім установам пераразмеркаваць ложкавы фонд на цяжкіх хворых, лёгкіх і тых, каго можна адпусціць на амбулаторна-паліклінічнае лячэнне, – адзначыў Міхаіл Вішневецкі.

Усе лабараторыі Віцебска забяспечаны тэст-сістэмамі і расходнымі матэрыяламі.

У суботу было вялікае паступленне супрацьмалярыйнага прэпарата, які ва ўсім свеце сёння выкарыстоўваецца ў тым ліку для лячэння каранавірусных пнеўманій.

З Кітая прыйшла гуманітарная дапамога: рэспіратары, пульсоксиметры (якія вызначаюць ступень насычэння крыві кіслародам), бескантактавыя тэрмометры і іншае.

У найбліжэйшы час, растлумачыў начальнік аблздрава, для лячэння цяжкіх пацыентаў будзе таксама выкарыстоўвацца плазма, донарамі якой стануць людзі, што выздаравелі.

Гэта ўжо робіцца ў Мінску. На гэтым тыдні цяжкія хворыя з раённых бальніц будуць пераведзены ў абласныя ўстановы аховы здароўя.

Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў, які ў гэты раз вёў пасяджэнне штаба, акцэнтаваў увагу на захаванні сацыяльнай дыстанцыі, асабліва напярэдадні Раданіцы і вялікіх выхадных, калі многія захочуць наведаць магілы сваякоў і сваю малую радзіму. Трэба сур'ёзна падумаць аб тым, каб такія паездкі не абярнуліся бядой. Варта таксама ўважліва ставіцца да свайго і здароўя блізкіх. У выпадку павышэння тэмпературы, праявы іншых сімптомаў захворвання, не займацца самалячэннем, а звяртацца да медыкаў. Чым раней будзе выяўлена захворванне, тым лягчэй яно будзе працякаць і не прывядзе да цяжкіх наступстваў.

Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома сказаў, што ў першы дзень пасля працягнутых канікул у першую змену за школьныя парты селі 35,5% навучэнцаў вобласці.

У адных установах адукацыі да 60%, у іншых – 20%. Але першыя дні не паказальныя, шматлікія бацькі занялі пазіцыю чакання.

– Сёння ў школах праведзены арганізацыйныя мерапрыемствы для забеспячэння санітарна-эпідэміялагічных нормаў, захавання ўсіх рэкамендацый. Установы адукацыі забяспечаны антысептыкамі. Будзе весціся пастаянны кантроль за бяспечнай арганізацыяй навучальнага працэсу, – адзначыў Дзмітрый Леанідавіч.

Аб працаўладкаванні тых, хто ў складанай эпідэміялагічнай сітуацыі застаўся без працы, распавёў старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Аляксандр Хрыстафораў. Іх колькасць невялікая – 40 чалавек, на біржу працы сталі толькі трое. Аляксандр Мікалаевіч таксама растлумачыў, што дамы-інтэрнаты вобласці, дзе пражываюць людзі пажылога ўзросту, найбольш уразлівыя для ўсякага роду інфекцый, перайшлі на рэжым ізаляцыі.

А на дапамогу медыкам прыйшлі іх будучыя калегі. Рэктар Віцебскага медуніверсітэта Анатоль Шчасны адзначыў, што 37 студэнтаў прыступілі да працы ў якасці сярэдняга медперсаналу ў абласной клінічнай бальніцы, яшчэ 60 – у паліклініках. Створаныя кансультатыўныя групы вядуць відэаканферэнцыі з урачамі раённых бальніц, выязджаюць на месцы.

"Віцебскія весці".