Пасяджэнне аблвыканкама. «Каб павысіць эфектыўнасць працы арганізацый Віцебскай вобласці, неабходна задзейнічаць усе рэзервы» - Мікалай Шарснёў

Якіх вынікаў дабілася эканоміка Віцебскай вобласці за мінулыя тры месяцы, ці ёсць рэзервы павышэння эфектыўнасці працы ў розных сферах дзейнасці? Якія галіны не спраўляюцца з даведзенымі заданнямі, і што неабходна прадпрыняць, каб не тармазіць рух наперад? Гэтыя і іншыя пытанні былі разгледжаны на пасяджэнні аблвыканкама. Важна, як падкрэсліў кіраўнік вобласці Мікалай Шарснёў, закласці фундамент у пачатку года, каб у канцы атрымаць добры вынік.

Першы намеснік старшыні аблвыканкама Алег Мацкевіч, папярэджваючы аналіз сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна, адзначыў, што з чатырох ключавых паказчыкаў выканана тры, у прыватнасці, па валавым рэгіянальным прадукце, сярэднямесячным заробку і сукупных паступленнях даходаў кансалідаванага бюджэту вобласці. Акрамя таго, Віцебшчына справілася з заданнямі па экспарце тавараў і паслуг без уліку рэспубліканскіх арганізацый і нафтапрадуктаў, энергазберажэнні, уводзе жылых дамоў. А вось па інвестыцыях у асноўны капітал вобласць адстае. Яны складаюць 89,1% да аналагічнага перыяду 2020-га.

– З гэтага года трэба запусціць інвестыцыйны цыкл, і яго праца павінна ісці падвышанымі тэмпамі. Неабходна нацэліць кожны рэгіён, кожную галіну на раскручванне дадзенага цыклу. Пакуль гэта не атрымліваецца. З 200 заяўленых райвыканкамамі інвестыцыйных праектаў, пачалася рэалізацыя толькі васьмі, што складае 4%. А гэта мадэрнізацыя вытворчасці, новыя працоўныя месцы, рынкі, паступленні ў бюджэт, – падкрэсліў Алег Мацкевіч.

Мінулы год стартаваў з буйных інвестыцыйных праектаў, такіх як рэканструкцыя ТАА «Савушкін Арша», мадэрнізацыя «Нафтана», будаўніцтва завода металічнага ліста і белай бляхі і іншых. Гэтым можна растлумачыць, што ў параўнанні з першымі месяцамі 2020-га, бягучы год саступае. Тым не менш, у дзесяці раёнах (Верхнядзвінскім, Віцебскім, Глыбоцкім, Дубровенскім, Лепельскім, Лёзненскім, Расонскім, Сенненскім, Шаркаўшчынскім і Шумілінскім) назіраецца рост інвестыцый. А найбольшае падзенне – у Бешанковіцкім і Браслаўскім.

Асноўныя праекты, заяўленыя на 2021 год, – стварэнне вертыкальна-інтэграванага дрэваапрацоўчага комплексу, завода па перапрацоўцы нізкатаварнай драўніны, алічбаванага завода па вытворчасці інавацыйных ветэрынарных прэпаратаў, новых цэхаў і ферм Віцебскай бройлернай фабрыкі і іншыя. Працягваецца ўзвядзенне мультымадальнага прамыслова-лагістычнага цэнтра «Брэміна – Орша». За кошт сродкаў інавацыйнага фонду аблвыканкама плануецца вылучыць на падтрымку праектаў каля 10 млн. рублёў. У адпаведнасці з планам развіцця асобных рэгіёнаў, якія адстаюць па ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця, у 2021 – 2025 гадах на іх тэрыторыях прадугледжана рэалізацыя 60 інвестыцыйных праектаў. Новыя вытворчасці павінны з'явіцца ў Лёзненскім, Гарадоцкім, Шаркаўшчынскім, Сянненскім, Шумілінскім, Ушацкім раёнах.

За мінулыя тры месяцы індэкс прамысловай вытворчасці склаў 105,1%. Але ў той жа час выраслі запасы гатовай прадукцыі на складах, асабліва на арганізацыях «Мяса-малочныя прадукты». Знізіўся на 4,3 млн долараў у параўнанні з студзенем – лютым 2020-га і аб'ём экспарту прадпрыемстваў канцэрна. На гэтым фоне вылучаюцца ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў», які паставіў на экспарт прадукцыі ў 7,2 раза больш, «Птушкафабрыка «Гарадок» – у 3,1 раза, Аршанская птушкафабрыка – у 2,7 раза, «Аршасырзавод» – у 1,7 раза.

Скарацілася ўдзельная вага экспарту тавараў рэзідэнтаў СЭЗ «Віцебск». У цэлым жа па вобласці ён вырас амаль на 9%. Знешнегандлёвыя аперацыі Віцебшчына ажыццяўляла з 88 краінамі.

У аграпрамысловым комплексе 26 арганізацый стратных, што складае 12% ад агульнай колькасці. Агульная ж колькасць стратных арганізацый ва ўсіх сферах эканомікі – 187, або 23,3% ад агульнай колькасці. І гэта ніжэй рэспубліканскага паказчыка – 25,6%.

Не радуюць тэмпы рознічнага тавараабароту, асабліва ў сістэме спажывецкай кааперацыі. Як адзначыў кіраўнік вобласці, пакуль не бачныя станоўчыя вынікі рэфармавання ў галіне. Была праведзена аптымізацыя, значна скарочаны кіраўніцкі апарат, але аддачы не відаць. Людзі па-ранейшаму скардзяцца на бедны асартымент у крамах райпо. Не праглядаюцца перспектывы развіцця спажывецкай кааперацыі рэгіёну, якая не вытрымлівае канкурэнцыі ні ў гандлі, ні ў вытворчасці.

Як адзначыў Алег Мацкевіч, у пачатку года назіраецца актывізацыя прадпрымальніцкай дзейнасці. Павялічылася колькасць суб'ектаў малога і сярэдняга бізнесу, а таксама тых, хто працуе без адкрыцця ІП, па заяўным прынцыпе. У студзені – сакавіку ў вобласці пачалі дзейнасць 86 новых прадпрыемстваў і 5 вытворчасцей розных відаў эканамічнай дзейнасці.

Аналіз работы за першыя месяцы 2021 года паказаў, што неабходна дапоўніць упушчанае на старце года, задзейнічаць усе рэзервы (а яны ёсць), каб павысіць эфектыўнасць работы ўсіх арганізацый вобласці. Ад гэтага, падагульніў Мікалай Шарснёў, залежыць жыццядзейнасць рэгіёну і дабрабыт людзей.

"Віцебскія весці".