Пасяджэнне аблвыканкама: як на Віцебшчыне працуе механізм процідзеяння наркаманіі і якія праблемы існуюць
Пра гэта ішла размова на пасяджэнні аблвыканкама 28 чэрвеня, падчас якога аналізавалася наркасітуацыя на Віцебшчыне і выніковасць прафілактыкі смяротна небяспечнага захворвання.
Паводле даных на 1 чэрвеня 2018 года ў рэгіёне на ўліку стаяць 1035 спажыўцоў наркатычных рэчываў, у тым ліку 472 нарказалежных. Каля 70% з іх ва ўзросце ад 19 да 35 гадоў. Сярод падлеткаў да 15 гадоў і сярод асоб старэйшых за 50-ці такіх не выяўлена.
З прыняццем жорсткіх антынаркатычных мер, уведзеных Дэкрэтам №6 ад 28 снежня 2014 года «Аб неадкладных мерах па процідзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў», наркасітуацыя ў краіне стабілізавалася, адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Рэспублікі Беларусь Генадзь Казакевіч.
Пра гэта можна меркаваць і па зніжэнні колькасці нарказлачынстваў на 30% у параўнанні з 2015 годам (у тым ліку на 8,4% у параўнанні з аналагічным перыядам 2017-га), і па колькасці нарказалежных, якія стаяць на ўліку, – 12,8 тыс. чалавек (у 2015-м іх было каля 17 тыс.). У сярэднім штогод на 30-40% зніжаецца колькасць зафіксаваных фактаў перадазіроўкі наркотыкаў.
– Але не варта сябе супакойваць дасягнутымі поспехамі, бо пастаянна павялічваецца аб'ём наркотыкаў, што вымаюцца з абароту, – канстатаваў Генадзь Казакевіч, падмацаваўшы высновы статыстыкай: калі за ўвесь 2017 год у краіне вынята каля 730 кг наркотыкаў і псіхатропаў, то за 5 месяцаў 2018-га – ужо больш за 700 кг.
Толькі з пачатку года арганізаваных злачынных груп выяўлена амаль у 4 разы больш у параўнанні з 2017-м.
На тое, што сітуацыя застаецца сур'ёзнай, сведчыць і колькасць арганізаваных злачынных груп, дзейнасць якіх у гэтай сферы штогод спыняюць праваахоўнікі. Толькі з пачатку бягучага года такіх выяўлена амаль у 4 разы больш у параўнанні з 2017-м.
– Гэта сведчыць аб тым, што арганізаваная структура крымінальнага бізнесу захоўваецца, – падкрэсліў Генадзь Казакевіч. Акрамя таго, міліцыя звяртае ўвагу на нарошчванне латэнтнасці наркаманіі. Іншымі словамі, для таго, каб ацаніць узровень наркатызацыі насельніцтва, неабходна колькасць нарказалежных, якія назіраюцца ў медыцынскіх установах, памножыць на 7. Генадзь Казакевіч нагадаў, што любы нарказалежны за час актыўнага спажывання наркотыкаў або псіхатропаў уцягвае ў гэты працэс як мінімум 10 чалавек.
На Віцебшчыне адзначаюцца аналагічныя рэспубліканскім тэндэнцыі – зніжэнне колькасці нарказлачынстваў, памяншэнне колькасці нарказалежных, якія стаяць на ўліку. Па словах галоўнага ўрача Віцебскага абласнога клінічнага цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі Алены Мартынавай, у рэгіёне захворванне на наркаманію знізілася на 40,9%.
Галоўны ўрач Цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі: «Апошнія гады новых пацыентаў мы практычна не ставім на ўлік»
Змяншаецца колькасць асоб, якія спажываюць наркотыкі, у тым ліку сярод непаўналетніх на 32,7%.
– Апошнія гады новых пацыентаў мы практычна не ставім на ўлік, а папаўняюць спісы тыя, хто раней ужо быў у полі нашай увагі, – патлумачыла Алена Мартынава.
Усё гэта стала магчымым дзякуючы наладжанай у рэгіёне сістэмнай працы і эфектыўнаму ўзаемадзеянню ўсіх зацікаўленых арганізацый і ведамстваў, лічыць галоўны ўрач цэнтра.
Па інфармацыі першага намесніка начальніка УУС аблвыканкама Дзмітрыя Рэзенкава, за пяць месяцаў колькасць злачынстваў па лініі незаконнага абароту наркотыкаў знізілася на 31% да 175-ці. Міліцыя Віцебшчыны канцэнтруе намаганні і магчымасці на выкрыцці злачыннай дзейнасці збытчыкаў наркотыкаў. У выніку з пачатку года выяўлена 80 падобных злачынстваў.
Праваахоўнікі спынілі дзейнасць трох інтэрнэт-крам, з дапамогай якіх збываліся курыльныя сумесі. Па матэрыялах падраздзялення аналітычнай разведкі ўзбуджана 33 крымінальныя справы.
Удалося практычна перакрыць паступленне на тэрыторыю Віцебскай вобласці асабліва небяспечных псіхаактыўных рэчываў і аналагаў наркотыкаў
З незаконнага абароту вынята больш за 75 кг небяспечных рэчываў, сярод якіх на марыхуану прыпадае каля 97%. Удзельная вага іншых наркотыкаў, уключаючы псіхаактыўныя рэчывы, мінімальная.
– Гэта сведчыць аб тым, што дзякуючы дзейсным мерам усіх арганізацый і ведамстваў удалося практычна перакрыць паступленне на тэрыторыю Віцебскай вобласці асабліва небяспечных псіхаактыўных рэчываў і аналагаў наркотыкаў, што і было нашай ключавой задачай у межах рэалізацыі Дэкрэта №6, – падкрэсліў Дзмітрый Рэзенкаў.
Аналіз катэгорыі асоб, якія здзяйсняюць злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў, паказвае, што ў асноўным у наркабізнес уцягнуты грамадзяне ва ўзросце 31 – 45 гадоў.
Прафілактычнай працай нароўні з праваахоўнікамі займаюцца настаўнікі і ўрачы. Віцебскі абласны клінічны цэнтр псіхіятрыі і наркалогіі штомесяц абнаўляе электронную базу пацыентаў – спажыўцоў наркотыкаў, якая прадстаўляецца ва ўпраўленне па наркакантролі.
З пачатку года амаль паўтысячы матэрыялаў розных жанраў па дадзенай тэматыцы створаны СМІ. У галоўнае ўпраўленне па адукацыі аблвыканкама накіраваны метадычкі аб знешніх прыкметах спажывання наркотыкаў, медыка-сацыяльных наступствах дадзенай з'явы для інфармавання міліцыі аб вядомых фактах незаконных дзеянняў у сферы наркаспажывання.
Так, са словаў начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрыя Хомы, у канцы 2017 года для выяўлення асоб, схільных да фарміравання хімічнай залежнасці, ва ўстановах адукацыі праведзена псіхасацыяльнае анкетаванне, у якім удзельнічала каля 58,5 тыс. навучэнцаў, а атрыманыя даныя выкарыстоўваліся ў прафілактычнай рабоце.
Шарснёў: «Мая цвёрдая пазіцыя нязменная – ва ўстановах адукацыі ўвогуле не павінна быць тэмы наркотыкаў»
– Мая цвёрдая пазіцыя нязменная – ва ўстановах адукацыі ўвогуле не павінна быць тэмы наркотыкаў, – падкрэсліў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў. – Разам з тым менавіта ад прафесіяналізму выкладчыкаў залежыць эфектыўнасць выяўлення гэтай негатыўнай з'явы на ранніх стадыях, а таксама яе папярэджанне, прычым адным з асноўных інструментаў для гэтага павінна быць арганізацыя занятасці навучэнскай моладзі.
На міліцыю ўскладзены абавязак па каардынацыі работы ўсіх суб'ектаў прафілактыкі. Маніторынг вывучэння якасці правядзення на месцах антынаркатычнай работы паказаў, што маюць месца пралікі ў планаванні, фармалізм, нізкая выканальніцкая дысцыпліна.
Недахопы ў інфармацыйна-прапагандысцкай рабоце характэрны для большасці рэгіёнаў вобласці
Па ацэнцы Дзмітрыя Рэзенкава, агульнымі для большасці рэгіёнаў вобласці недахопамі з'яўляюцца недахопы ў правядзенні інфармацыйна-прапагандысцкай работы сярод насельніцтва.
На гэта таксама звярнуў увагу намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Аляксей Стук, які прымаў удзел у пасяджэнні. Зніжэнне ўзроўню наркатызацыі грамадства, асабліва моладзі, патрабуе рэалізацыі комплексу медыцынскіх, сацыяльных, культурных, выхаваўча-асветніцкіх, прававых і іншых мерапрыемстваў, накіраваных на выяўленне і ліквідацыю фактаў і ўмоў для спажывання наркотыкаў і звязаных з імі злачынстваў.
Пры гэтым работа суб'ектаў прафілактыкі яшчэ недастаткова эфектыўная, адзначыў Аляксей Стук, дадаўшы, што расслабляцца не варта, у краіне захоўваецца высокі ўзровень спажывання наркотыкаў.
Пракуратура адзначае дынаміку зніжэння колькасці асуджаных за незаконны абарот наркотыкаў пасля прыняцця Дэкрэта №6. Разам з тым, прызнаючы неабходнасць жорсткіх мер уздзеяння ў барацьбе з гэтым злом, намеснік генпракурора нагадаў, што за праблемай трэба бачыць чалавека пры вызначэнні меры адказнасці за здзейсненае ім дзеянне.