Пасяджэнне аблвыканкама: абмяркоўваліся пытанні гатоўнасці сельскагаспадарчых арганізацый да пасяўной і рэалізацыі дзяржпраграмы па развіцці і ўтрыманні аўтамабільных дарог

Аб гатоўнасці сельскагаспадарчых арганізацый да пасяўной і ходзе рэалізацыі дзяржпраграмы па развіцці і ўтрыманні аўтамабільных дарог ішла размова на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама.

Да старту пасяўной застаецца ўсё менш часу, і за кароткі перыяд трэба вырашыць яшчэ цэлы шэраг важных задач. Лютаўскім распараджэннем аблвыканкама сярод іншых зацверджаны асноўны для аграрыяў паказчык: у 2020-м неабходна павялічыць вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі на 6 працэнтаў да мінулага года. Калі браць у абсалютных лічбах, то пастаўлена мэта атрымаць збожжа ў амбарнай вазе 980 тысяч тон, алею рапсу – 104, ільнавалакна – 13,1, бульбы – 84,9 тысячы тон. Выканаць гэтыя і іншыя паказчыкі можна двума шляхамі: павялічыўшы ўраджайнасць або разараўшы і засеяўшы дадатковыя землі, якія пустуюць, адзначыў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Міхаіл Прыдыбайла. Структура пасяўных плошчаў у павялічаным памеры раёнам даведзена. Вясновы сеў з улікам зробленага восенню трэба правесці на 447 тысячах гектараў (мінулай вясной было 390 тысяч). Зыходзячы з гэтага, і былі прааналізаваны варыянты забеспячэння ўсіх складнікаў комплексу работ.

Нядрэнна ідзе справа з насеннем усіх культур. Збожжавых ёсць 113 працэнтаў да задання, закупляецца кукуруза пад павялічаны да 120 тысяч гектараў клін, хапае з запасам для абмену на матэрыял больш высокіх рэпрадукцый бульбы. Сложней з мінеральнымі ўгнаеннямі. Іх пакуль назапашана 18 працэнтаў да патрэбы (трохі ніжэй, чым у мінулым годзе на гэты перыяд). Для выкупу выдзеленых вобласці квот тукаў неабходна 54,6 мільёна рублёў. Гэта крэдытныя рэсурсы і ўласныя сродкі сельгасарганізацый. Арганіку на палі вывозяць, 64,7 працэнта да задання ўжо ёсць. Справа толькі ў паліве на гэтыя работы, якога на тыдзень трэба 300 тон. Формула забеспячэння сродкамі абароны раслін не змянілася. Іх гаспадаркам неабходна купляць за свае грошы, з улікам рэшткаў на ўвесь сезон трэба выдаткаваць 86,5 мільёна рублёў.

На 25 лютага гатоўнасць трактароў да выхаду ў поле – 90 працэнтаў, па іншай тэхніцы працэнт крыху ніжэйшы, аднак у шэрагу раёнаў становішча значна горшае, чым у сярэднім па вобласці. З палівам ёсць яснасць па выдзеленым Саветам Міністраў аб'ёме, а гэта 9 тысяч тон з неабходных 27 тысяч. Як адзначыў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарстнёў, застаецца дамаўляцца на мясцовым узроўні з Белнафтахімам, каб адпускалі яго з адтэрміноўкай аплаты не на тры дні, а ў межах месяца.

Самы важны аспект – забеспячэнне механізатарамі для арганізацыі работы энергонасычанай тэхнікі ў дзве змены. Недахоп амаль тысячы чалавек папоўняць за кошт навучэнцаў каледжаў, памочнікаў з гарадоў. Як прагучала на пасяджэнні, надзейнасць удзелу гэтых людзей у пасяўной трэба праверыць і пацвердзіць. Увесь яе механізм павінен працаваць як гадзіннік, рабочы план разлічаны па хвілінах, каб пасеяць яравыя за два тыдні, своечасова забяспечыць догляд за пасевамі, затым мець час на падрыхтоўку і перадышку перад карманарыхтоўкай. Сёлета пастаўлена задача забяспечыць 11,6 працэнта прыросту прадукцыі раслінаводства, каб на гэтай аснове павялічыць аб'ёмы малака і мяса. З прыняццем вядомага ўказа Прэзідэнта ад АПК Віцебшчыны краіна чакае рэальных перамен, паступальнага развіцця. І цяперашняя пасяўная, адзначыў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Леанід Анфімаў, які ўдзельнічаў у рабоце пасяджэння, стане першым этапам у ацэнцы таго, як гэты дакумент працуе.

Дарогі як фактар эканомікі

На Віцебшчыне самая разгалінаваная сетка дарог мясцовага і рэспубліканскага значэння, у нас 860 маставых пераходаў. Іх стан не ў поўнай меры задавальняе патрэбы народнай гаспадаркі ў аўтаперавозках. Ва ўмовах, калі выдзяленне бюджэтных сродкаў на новае будаўніцтва і капрамонт транспартных артэрый скарачаецца, неабходна выпрацаваць стратэгію іх падтрымання і абслугоўвання, каб своечасова рэагаваць на праблемныя сітуацыі і не даводзіць справу да выхаду з ладу цэлых участкаў. Пры ўсіх складанасцях, канстатавалі на пасяджэнні, заданне дзяржпраграмы за мінулыя тры гады выканана. Трэба аддаць належнае нашым дарожнікам, што ва ўмовах скарачэння капрамонтаў яны аператыўна спраўляюцца з падтрыманнем дарог у нармальным стане за кошт бягучага рамонту. Гэта ратуе. Але неабходна шукаць рашэнне праблем перспектыўных, у тым ліку і даўно наспелых, завастрыў увагу кіраўнікоў Мікалай Шарснёў. Віцебск адзіны з абласных гарадоў не мае сучаснай трасы, якая звязвае яго са сталіцай. Праект пашырэння дарогі Віцебск -- Орша, а далей па трасе М1, самы рэальны для ўвасаблення па фінансавых затратах, пакуль так і застаецца праектам. Мы амаль не будавалі ў апошнія гады новых дарог. Асаблівую ўвагу даручана звярнуць на магістралі, дзе дзейнічаюць часовыя абмежаванні нагрузак на восі транспартных сродкаў, а такіх у рэгіёне, як і гравійных, больш, чым у іншых. Гэта стрымліваючы прыцягненне інвестыцый фактар.

Па выніках разгляду КУП «Віцебскаблдарбуд» даручана выпрацаваць дакладную праграму дзеянняў папераджальнага характару і заняцца яе выкананнем. Дэфіцыт сродкаў – не прычына. Як нацэліў старшыня аблвыканкама, дарожныя арганізацыі могуць і абавязаны зарабляць сродкі на падтрыманне і развіццё унутрыабласных дарог, аказваючы паслугі староннім арганізацыям. Нават даведзенае аблдарбуду заданне ў 25 працэнтаў даходаў ад пазабюджэтных заказаў – мінімум. Трэба эфектыўна дзейнічаць ва ўмовах, што склаліся, іншага не дадзена.

 "Віцьбічы".