Пасяджэнне аблвыканкама: абмеркаваны пытанні папярэджання злачынстваў і зніжэння ўзроўню правапарушэнняў у рэгіёне

Аддзелы ўнутраных спраў вобласці сумесна з органамі дзяржаўнага кіравання ў бягучым годзе рэалізуюць план аблвыканкама па прафілактыцы правапарушэнняў. Па шэрагу напрамкаў дасягнуты пазітыўныя тэндэнцыі.
– Колькасць злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку ў цэлым скарацілася на 4%, на 41% — замахаў на забойствы, на 18% – цяжкіх цялесных пашкоджанняў, у тым ліку на 28% у сферы сямейна-бытавых адносін, на 19% менш зафіксавана хуліганстваў, – паведаміў начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС аблвыканкама Вячаслаў Петкун. – Разам з тым не ўсе прафілактычныя мерапрыемствы далі чаканы эфект.
Адна з значных праблем – карупцыя. Такіх злачынстваў не становіцца менш. У гэтым годзе выяўлена 268 фактаў, пры гэтым прычыненая дзяржаве матэрыяльная шкода склала каля 1,5 млн рублёў. Прынятыя меры дазволілі вярнуць у бюджэт амаль 1 млн рублёў. За хабар, крадзеж, перавышэнне ўлады і службовых паўнамоцтваў 135 службовых асоб прыцягнуты да крымінальнай адказнасці.
Выклікае занепакоенасць праваахоўнікаў, што, нягледзячы на сістэматычную працу, у незаконным абароце ў насельніцтва застаецца нямала зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў. За гэта ў бягучым годзе 118 грамадзян прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. Акрамя таго, канфіскавана 460 адзінак зброі і больш за 4 тысячы боепрыпасаў. У асноўным гэта паляўнічыя стрэльбы і здабыча «чорных капальнікаў».
На 40% павялічылася колькасць злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап'янення, гэта на 550 проціпраўных дзеянняў больш, чым за той жа перыяд 2018-га. Пры гэтым у нецвярозым стане ўчынены 90% забойстваў і 85% цяжкіх цялесных пашкоджанняў.
Адным з эфектыўных рычагоў уздзеяння на асоб, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, з'яўляецца ізаляцыя іх у ЛПП. У 2019 годзе туды накіравана больш за 950 чалавек, і зараз там знаходзіцца амаль 1,5 тысячы жыхароў вобласці.
Выяўлена 302 злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў. Канфіскавана звыш 142 кг наркатычных сродкаў, спынена дзейнасць чатырох сайтаў і шасці інтэрнэт-крам, якія распаўсюджвалі ядавітыя зелле.
Для забеспячэння бяспекі, аказання прававой і сацыяльнай дапамогі ахвярам сямейнага гвалту на тэрыторыі вобласці створана 27 крызісных пакояў, куды ў бягучым годзе звярнуліся 60 пацярпелых. Аднак у 11 раёнах гэтыя пакоі засталіся незапатрабаванымі ці то з-за аддаленасці размяшчэння, ці то з-за адсутнасці інфармацыі ў насельніцтва.
Намеснік пракурора вобласці Уладзімір Гук адзначыў, у Лёзненскім і Шумілінскім раёнах паказчыкі крымінагеннасці за 10 месяцаў зраўняліся з гадавымі за 2018-ы. Асноўная праблема – адсутнасць сістэмнай працы, скаардынаванасці дзеянняў і абмену інфармацыяй паміж уладамі і праваахоўнымі органамі. Выправіць сітуацыю дапаможа толькі праца над памылкамі.