Пасяджэнне аблвыканкама: прааналізавана работа па ўдасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі рэгіёна

Смеццесартавальны завод у Віцебску, запуск якога неаднаразова пераносіўся з-за пандэміі COVID-19, мяркуецца ўвесці ў эксплуатацыю да канца 2020 года. Пра гэта паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення ЖКГ аблвыканкама Юрый Дзядзела сёння на пасяджэнні аблвыканкама падчас аналізу работы па ўдасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі рэгіёна.

Па словах кіраўніка абласнога ЖКГ, завод цалкам пабудаваны, змантавана тэхналагічнае абсталяванне. «Увод у эксплуатацыю затрымліваецца па аб'ектыўнай прычыне - з-за абмежавальных мерапрыемстваў па COVID-19 не могуць прыехаць італьянскія спецыялісты для правядзення пусканаладачных работ. Мы знаходзімся ў пастаянным кантакце з пасольствам па гэтым пытанні. Па нашых ацэнках, візіт можа адбыцца ў пачатку лістапада. Як толькі гэта адбудзецца, то на працягу месяца завод будзе запушчаны», — растлумачыў Юрый Дзядзела.

Магутнасці завода дазволяць сартаваць да 100 тыс. т адходаў у год. Аб'ект узводзіцца за кошт дзяржустановы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў». Завод з'яўляецца часткай рэгіянальнага комплексу па сартаванні і перапрацоўцы цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА), які плануецца стварыць у Віцебску для абслугоўвання абласнога цэнтра, Віцебскага, Гарадоцкага, Шумілінскага і Лёзненскага раёнаў.

Усяго ў адпаведнасці з канцэпцыяй стварэння аб'ектаў па абыходжанні з ЦКА на Віцебшчыне плануецца пабудаваць шэсць буйных міжрэгіянальных комплексаў. Па аршанскім аб'екце (у яго зону абслугоўвання ўвойдуць таксама Дубровенскі і Талачынскі раёны) заканчваецца праектаванне, у бліжэйшы час дакументы паступяць на экспертызу. Работы па наваполацкім комплексе (будзе абслугоўваць Наваполацк, Полацкі, Ушацкі і Расонскі раёны) яшчэ ў пачатковай стадыі — ідзе тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне. На гэтых аб'ектах прадугледжваецца арганізаваць паглыбленую перапрацоўку, у прыватнасці, ПЭТ-бутэлек, мяккага пластыку, а ў Наваполацку дадаткова прадугледжваецца стварыць магутнасці па перапрацоўцы гумы, дарэчы, упершыню на Віцебшчыне.

Гэтыя аб'екты павінны быць уведзены ў эксплуатацыю да 2023 года. Пры выхадзе на праектную магутнасць будзе забяспечана сартаванне 75% камунальных адходаў, якія ўтвараюцца ў цэлым па вобласці. Да 2025 года плануецца ўзвесці яшчэ 3 комплексы — у Глыбокім (Глыбоцкі, Докшыцкі і Пастаўскі раёны), Міёрскім (Міёрскі, Браслаўскі, Верхнядзвінскі і Шаркаўшчынскі раёны) і Чашніцкім раёнах (Чашніцкі, Бешанковіцкі, Лепельскі і Сенненскі раёны).

"Віцебскія весці".