Пасяджэнне аблвыканкама: разгледжаны меры па барацьбе са злачыннасцю ў сферы незаконнага абароту наркотыкаў і прафілактыцы распаўсюджвання наркаманіі ў Віцебскай вобласці
Праблема распаўсюджвання наркаманіі не губляе сваёй актуальнасці. Ад якаснай працы ў гэтым напрамку ўсіх дзяржаўных органаў залежаць жыццё і здароўе нашых грамадзян, у першую чаргу маладога пакалення.
Аналіз злачынстваў і правапарушэнняў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, супрацоўнікі УУС ажыццяўляюць пастаянна. На яго аснове робяць прагноз развіцця наркасітуацыі ў вобласці.
– Ні для каго не сакрэт, што сёння асноўны збыт наркотыкаў праходзіць праз Інтэрнэт. Дзякуючы ўзросшаму прафесіяналізму нашых супрацоўнікаў у гэтай сферы, укараненню новых спосабаў атрымання інфармацыі ўзрасла выяўляльнасць нарказлачынстваў і нарказалежных, – адзначыў намеснік начальніка УУС Віцебскага аблвыканкама – начальнік крымінальнай міліцыі Аляксандр Чарняўскі.
За 10 месяцаў бягучага года нарказлачынстваў выяўлена больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года: 369 супраць 356. Практычна палова звязана са збытам наркотыкаў. Больш выяўлена і нарказалежных. За мінулы год на 51 чалавека больш паставілі на ўлік ва ўстановах аховы здароўя вобласці: 897 супраць 846.
– Сёлета выявілі восем памяшканняў для вырошчвання высокакаштоўнай каноплі (у 2021-м – 4), выявілі 39 арганізаваных груп. У мінулым годзе не выяўлена ніводнага канала пастаўкі на тэрыторыю рэспублікі псіхатропных рэчываў, сёлета раскрылі ўжо 4 і канфіскавалі амаль 20 кг небяспечных прэпаратаў, а гэта дзясяткі тысяч разавых доз, – адзначыў Аляксандр Чарняўскі.
Асноўная ўвага праваахоўнікаў накіравана на выяўленне збытчыкаў наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў. У бягучым годзе ўстаноўлена 75 рэалізатараў, што ў два разы больш, чым у мінулым годзе. Большасць выкрытых збытчыкаў з'яўляліся так званымі «закладчыкамі» і дзейнічалі ў інтарэсах інтэрнэт-крам, праз якія рэалізавана 87% наркотыкаў. Моладзь, у тым ліку непаўналетнія, з'яўляюцца актыўнымі карыстальнікамі сеткі Інтэрнэт. І ўсё часцей школьнікі і студэнты, якія хочуць зарабіць шмат і хутка, уцягваюцца ў наркаабарот. У 2022 годзе зарэгістравана 11 нарказлачынстваў, учыненых непаўналетнімі, 6 з іх кваліфікаваны як збыт.
– Цяпер стандартныя прыёмы прафілактыкі становяцца малаэфектыўнымі, бо мы маем справу з своеасаблівай моладзевай субкультурай, цесна звязанай з віртуальнай прасторай і дыстанцыйным зносінамі. У сувязі з гэтым усе ўстановы адукацыі павінны адыгрываць ключавую ролю ў прафілактыцы, – упэўнены начальнік упраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі УУС Віцебскага аблвыканкама палкоўнік міліцыі Алег Леанідавіч Гарбачоў.
На яго думку, каб абараніць дзяцей ад здзяйснення нарказлачынстваў, трэба забяспечыць іх максімальную занятасць, развіваць матывацыю выкарыстання Інтэрнэту ў пазнавальных і развіваючых мэтах, папулярызаваць сярод іх здаровы лад жыцця.
У Навалукомлі дзейнічае Цэнтр прафілактыкі «Альетрнатыва», дзе спецыялісты розных ведамстваў і грамадскіх аб'яднанняў у даступнай для дзяцей і моладзі візуальнай і інтэрактыўнай форме прадстаўляюць прафілактычную інфармацыю. Акрамя таго, на базе Віцебскага абласнога клінічнага цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі створаны кабінет прафілактыкі наркаманіі для працы з моладдзю.
– Прафілактычная работа павінна праводзіцца не толькі з моладдзю, але і з іх бацькамі і педагогамі. А для агульнай прафілактыкі неабходна павялічыць колькасць сацыяльнай рэкламы: размяшчаць на білбордах, трансляваць на маніторах у найбольш наведвальных грамадскіх месцах, публікаваць у паведамленнях аб аплаце жыллёва-камунальных паслуг, – перакананы крыміналіст.
"СБ"