Пасяджэнне аблвыканкама: у эканоміку Віцебскай вобласці за студзень-ліпень прыцягнута Br1,2 млрд інвестыцый

У эканоміцы Віцебскай вобласці намяцілася станоўчая дынаміка па прыцягненні інвестыцый у асноўны капітал. Пра гэта паведаміла сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама старшыня яго камітэта эканомікі Анжаліка Нікіціна.

"За студзень-ліпень у эканоміку Віцебскай вобласці прыцягнута Br1,2 млрд інвестыцый у асноўны капітал. Рост за студзень-жнівень дасягнуў 111%, у той час як за мінулы год гэты паказчык складаў 112%", - канстатавала кіраўнік ведамства.

Па словах Анжалікі Нікіцінай, з 2016 года вобласці ўдалося пераадолець тэндэнцыю штогадовага скарачэння аб'ёмаў інвестыцый: у сярэднім за год прыцягваецца Br1,8 млрд, што ў 1,3 раза вышэй, чым у папярэдняй пяцігодцы (у 2011-2015 гадах аб'ём прыцягнутых інвестыцый складаў штогод прыкладна Br1,6 млрд). Усе раёны вельмі адказна падышлі да гэтага пытання, у тым ліку шэраг тых, дзе пэўныя індыкатары былі ніжэй за сярэднерэспубліканскі ўзровень. Сёння яны ўсе паляпшаюць сваю сітуацыю. Напрыклад, у Сенненскім раёне распрацаваны атлас інвестара, рэалізуецца інвестпраект па вытворчасці малочнай прадукцыі, ёсць інвестпраект па вырошчванні стронгі.

Запатрабаванай сярод інвестараў застаецца пляцоўка СЭЗ. На доўгатэрміновую перспектыву створана спецыяльная эканамічная зона "Брэміна-Орша". Павысілася актыўнасць бізнесу. Многія пляцоўкі пад перспектыўныя інвестпраекты разглядае і мясцовы бізнес, і замежныя інвестары. Разам з тым раёнам варта быць больш актыўнымі ў рабоце, у тым ліку па інфармаванні аб сваім турыстычным патэнцыяле і наяўных прапановах.

Эфектыўным інструментам прыцягнення інвестыцый старшыня камітэта лічыць рэалізацыю праектаў на аснове дзяржаўна-прыватнага партнёрства. "Гэты інструмент супрацоўніцтва з улікам патэнцыялу малога і сярэдняга бізнесу і наяўных прэферэнцый мае ўсе перадумовы для развіцця, перш за ўсё ў Аршанскім і Полацкім раёнах, Віцебску і Наваполацку, буйных райцэнтрах і раёнах, арыентаваных пад стварэнне сучасных турыстычных аб'ектаў", - лічыць Анжаліка Нікіціна. У якасці паказальнага прыкладу яна прывяла міёрскі праект па стварэнні кардыяцэнтра.

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў падкрэсліў, што пытанні павышэння эфектыўнасці гарадоў і раёнаў за кошт прыцягнення інвестыцый у асноўны капітал з'яўляюцца ключавымі. Недахопы, на яго думку, ёсць у кожным раёне, таму кіраўнікі на месцах павінны прааналізаваць працу сваіх каманд у гэтай сферы і прыняць усе меры, каб выправіць сітуацыю. "Усе раёны сёння датацыйныя. Так, ідзе паступовае зніжэнне датацыйнасці, але актыўнае зніжэнне гэтага параметра напрамую звязана з прыцягненнем інвестыцый у асноўны капітал. Буйныя гарады павінны праяўляць асаблівую актыўнасць, бо ў іх больш за ўсё для гэтага магчымасцей", - заключыў кіраўнік рэгіёну.

БЕЛТА.