Пасяджэнне аблвыканкама: У Віцебскай вобласці ў I паўгоддзі ўведзена 119 тыс. кв.м жылля
У Віцебскай вобласці ў I паўгоддзі ўведзена 119 тыс. кв.м жылля, або 39,8% да гадавога задання, устаноўленага Саўмінам, і 36% да задання аблвыканкама. Пра гэта паведаміў на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Ігар Ісачанка.
У разрэзе паказчыкаў амаль усе даводзімыя аб'ёмы перавысілі 50% ад гадавых, за выключэннем уводу шматкватэрных жылых дамоў у гарадах (36,4%), для грамадзян, якія будуюцца з дзяржпадтрымкай (43,5%), і сацыяльнага жылля, што ўзводзіцца за кошт тэхніка-эканамічнай дапамогі КНР (чатыры шматкватэрныя дамы ў Полацку, Наваполацку, Віцебску і Лепелі).
Асобную ўвагу Ігар Ісачанка завастрыў на выкананні праграмы па жыллёвым будаўніцтве ў абласным цэнтры. Гораду даведзена заданне па ўводзе агульнай плошчы ў аб'ёме 151 тыс. кв.м, што складае палову ад агульнаабласнога.
Па выніках паўгоддзя ўведзена ў строй 59,1 тыс. кв.м, або 39,1% да задання. Адной з прычын такога выніку, на яго думку, з'яўляецца працяглы перыяд "раскачкі", звязаны з афармленнем неабходнай праектна-каштарыснай дакументацыі.
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў падкрэсліў недапушчальнасць сітуацыі, якая склалася па выкананні праграмы жыллёвага будаўніцтва. "Яшчэ паўгода наперадзе. Трэба актывізавацца і прыняць аператыўныя меры па выкананні задання", - заклікаў кіраўнік вобласці, даручыўшы старшыням гар- і райвыканкамаў узяць на асабісты сістэмны кантроль гэтае пытанне.