Залаты васілёк для легендарнага спевака. У Віцебску на Алеі зорак з'явілася іменная зорка Юрыя Антонава

Золотой василек для легендарного певца. В Витебске на Аллее звезд появилась именная звезда Юрия Антонова

Выканаўца знакамітай песні «Мары збываюцца», легенда савецкай і сучаснай айчыннай эстрады Юрый Антонаў набыў пастаянную прапіску на «Славянскім базары ў Віцебску». Яго імя ўвекавечана на Плошчы лаўрэатаў спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі «Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення» каля галоўнай фестывальнай пляцоўкі – Летняга амфітэатра.



Сімвалічна, што ўзнагароду спявак і кампазітар атрымаў у год 80-годдзя Вялікай Перамогі, ён яе равеснік – нарадзіўся за два з паловай месяцы да ўзняцця чырвонага сцяга над рэйхстагам. У яго рэпертуары песні пра вайну, у прыватнасці, «Маки» і «Снегири», якія ён прысвячае ў тым ліку свайму бацьку – франтавіку, займаюць асаблівае месца. Тэма памяці для спевака святая.

Акрамя таго, Юрый Антонаў цесна звязаны з Беларуссю. У Маладзечне скончыў музычную школу, затым музычны каледж, арганізаваў свой першы музычны калектыў (эстрадны аркестр), які граў у мясцовым Доме культуры. Затым выкладаў у дзіцячай музычнай школе ў Мінску, працаваў салістам-інструменталістам у Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Сваім музычным настаўнікам, які вылучыў маладога артыста і дапамог яму прасунуцца на эстрадзе, называе народнага артыста БССР Віктара Вуячыча. Ён запрасіў яго ў свой ансамбль. Адзін час у адным калектыве з Юрыем Антонавым граў на гітары Уладзімір Мулявін. Спявак лічыць Беларусь сваёй другой радзімай, а ў творчым плане – першай. За вялікі асабісты ўклад ва ўмацаванне культурных сувязяў паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй спявак узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.

Сёння Юрыя Антонава называюць класікам эстраднага жанру. Яго рэкорд 50 мільёнаў пласцінак дагэтуль не пераўзыдзены. Напісаныя ім 20–30 гадоў таму песні папулярныя па гэты дзень. Моладзь з задавальненнем напявае яго «Не забывай», «Нет тебя прекрасней», «Гляжусь в тебя, как в зеркало», «Летящей походкой», «Не говорите мне прощай», «Поверь в мечту».

Дарэчы, адной з зорак у сузор'і Рыб прысвоена імя «Юрый Антонов». А цяпер у яго ёсць і васільковая зорка.

Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі адзначыў выдатны ўклад артыста ў развіццё культуры, у моцнае сяброўства паміж народамі.

– Юрый Антонаў з'яўляецца жывой легендай, яго творы на працягу больш чым паўстагоддзя транслююць высокія ідэалы і сапраўдныя каштоўнасці, яны выхавалі не адно пакаленне слухачоў, – падкрэсліў Руслан Чарнецкі.

І дадаў, закладзеная зорка – сімвал прызнання таленту спевака і кампазітара беларускім народам.

– Жыхары горада, які стаіць на высокім беразе ракі Заходняя Дзвіна, паўтараючы словы вашай песні, вераць у мару, якая збываецца, – сказаў старшыня Віцебскага гарвыканкама Аляксей Героеў.

На цырымоніі адкрыцця сваёй васільковай зоркі гучалі песні Юрыя Антонава, сярод якіх былі і тыя, якія ён выконваў у 1992 годзе на першым «Славянскім базары». Юрый Антонаў сказаў, што памятае той першы выхад на фестывальную сцэну, якая стала для яго роднай. А цяпер каля яе свеціць яго васільковая зорка.

"Віцебскія весці"