Удзельнічаць у творчым спаборніцтве могуць прафесійныя скульптары і архітэктары. Іх задача – знайсці найбольш выразнае мастацкае адлюстраванне вобраза Полацка як самага старажытнага горада Беларусі, гістарычнага цэнтра першага дзяржаўнага ўтварэння на нашых землях.
Пасля разгляду некалькіх варыянтаў вызначана месца ўсталявання памятнага знака: на пляцоўцы з заходняга боку Сафійскага сабора - насупраць былога галоўнага фасада старажытнага храма ХI ст., дзе, па ўсёй верагоднасці, нашы продкі праводзілі вечавыя сходы для вырашэння галоўных пытанняў грамадска-палітычнага жыцця.
Помнік не будзе мець вялікіх памераў, яго кошт не павінен перавышаць 100 тысяч рублёў (з улікам матэрыялаў). З іх 25% прафінансуе Міністэрства культуры, астатнюю частку -- Полацкі райвыканкам.
У конкурсных матэрыялах трэба прадставіць не толькі мадэль знака, але і яго сціслае абгрунтаванне, праект горадабудаўнічага вырашэння навакольнай прасторы. Кампазіцыйна і пластычна твор павінен адпавядаць лепшым традыцыям класічнага і нацыянальнага манументальнага мастацтва, адлюстроўваць галоўную ідэю і змяшчаць надпіс “Полацк – калыска беларускай дзяржаўнасці”.
Не пазней за 7 сакавіка журы, зацверджанае Міністэрствам культуры, вызначыць лепшы эскізны праект і назаве пераможцу, які атрымае права на стварэнне помніка ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Арганізатарамі конкурсу выступаюць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Віцебскі абласны і Полацкі раённы выканаўчыя камітэты.
Ларыса МАЛАШЭНЯ, фотааўтара. «Витебские вести».