"П'еса "Матылёк... Матылёк..." шматразова ставілася ў беларускіх і расійскіх тэатрах, упрыгожваючы рэпертуар лепшых актрыс. Наша пастаноўка прымеркавана да юбілею заслужанай артысткі Беларусі Тамары Скварцовай. У якасці рэжысёра над спектаклем працуе мастацкі кіраўнік Коласаўскага тэатра, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Валерый Анісенка", - адзначылі ў тэатры. Спектакль аб ролі жонкі, маці і аб чалавечай адзіноце будзе сыграны ў тэатральнай гасцёўні" (былая камерная сцэна).
Тамара Скварцова сыграе Эду - немаладую, ужо адзінокую свецкую даму, якая лёгка пырхала па жыцці, а цяпер жыве ў свеце сваіх фантазій. Але вось аднойчы адбываецца падзея, якая прымусіць жанчыну ўспомніць усё яе мінулае.
Алёна Ціханава - БЕЛТА.