Прыёмная выканкама
210010, г.Віцебск, вул.Гогаля, 6
e-mail: oik@vitobl.by
Тэлефон: (+375-212) 48-11-55
Факс: (+375-212) 48-11-56
Віцебскі абласны выканаўчы камітэт
Дзелавое супрацоўніцтва

Удзельнікі кангрэса рускай прэсы дапамаглі "Славянскаму базару" ўстанавіць чарговы рэкорд

13.07.2017 Удзельнікі XIX Сусветнага кангрэса рускай прэсы сёння сталі гасцямі фестывальнага Віцебска і вечарам прымуць удзел ва ўрачыстым адкрыцці XXVI Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".

Прымаючы ўдзельнікаў кангрэса, Віцебская вобласць прапанавала журналістам паўдзельнічаць у двух праектах - "Віцебск сустракае гасцей" і "Полацк - калыска беларускай дзяржаўнасці". І ў Віцебску, і ў Полацку арганізаваны сустрэчы ўдзельнікаў кангрэса з кіраўніцтвам гарадоў. У Віцебску журналістаў таксама вітаў намеснік міністра інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч.

На сустрэчы з удзельнікамі кангрэса ў Віцебскім гарвыканкаме ён адзначыў, што фестываль і для Віцебска, і ўсёй краіны - значная і важная падзея. "Мы рады, што так супала і ў вас ёсць магчымасць паўдзельнічаць у адкрыцці "Славянскага базару". Дырэкцыя форуму кожны год фіксуе фестывальныя рэкорды. У гэтым годзе яны будуць таксама. Больш таго, адзін ужо можна агучыць - дзякуючы вам зафіксаваны рэкордны ўдзел журналістаў. Раніцай на адкрыцці прэс-цэнтра мы гаварылі аб тым, што ў нас на фестывалі працуе больш за 500 журналістаў з 11 краін. А з вашым прыездам дабавілася яшчэ каля 200 прадстаўнікоў СМІ з 52 краін", - сказаў Аляксандр Карлюкевіч.

Старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Нікалайкін расказаў гасцям пра гісторыю і сучасныя дасягненні горада, азнаёміў з гісторыяй фестывалю, адказаў на пытанні гасцей. Далей у віцебскай праграме - агляд культурных выдатных мясцін горада. Гасцям прапанавана экскурсія з наведваннем Успенскага сабора, Духаўскага Кругліка, Летняга амфітэатра, арт-цэнтра Марка Шагала і інш. У Полацку пасля афіцыйнай сустрэчы запланавана наведванне Сафійскага сабора, Езуіцкага калегіума, Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, Музея беларускага кнігадрукавання. Затым дзве групы журналістаў збяруцца ў Віцебску і ўжо сумесна пабываюць на некаторых пляцоўках Міжнароднага фестывалю мастацтваў, у тым ліку стануць гледачамі Летняга амфітэатра на канцэрце ўрачыстага адкрыцця "Славянскага базару". ХІХ Сусветны кангрэс рускай прэсы "Партнёрства ў імя будучыні: прыярытэты сучаснай цывілізацыі" прадоўжыцца ў Беларусі да 15 ліпеня. У мерапрыемстве прымаюць удзел прадстаўнікі СМІ больш як 50 дзяржаў. Арганізатарамі ХІХ Сусветнага кангрэса рускай прэсы выступаюць Сусветная асацыяцыя рускай прэсы, інфармацыйнае агенцтва Расіі ТАСС, Міністэрства інфармацыі Беларусі, Фонд супрацоўніцтва з рускамоўнай прэсай - Фонд САРП. Мерапрыемствы XXVI Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдуць па 19 ліпеня.

Алёна Ціханава - БЕЛТА.

Версия для печати