Ансамблю танца "Лявоніха" - 60 год
21.12.2015
Шэсць дзесяцігоддзяў – прыступка за прыступкай, званне за званнем, поспех за поспехам, новая краіна за краінай і фестываль за фестывалем. Нібыта кволая крыніца, што набіраецца ўпартасці і ўрэшце становіцца магутнай ракой, сёння ансамбль танца «ЛЯВОНІХА» Дзяржаўнай установы «Цэнтр культуры «ВІЦЕБСК» – візітная картка Віцебшчыны і ўсёй Беларусі
Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль танца «ЛЯВОНІХА» 24 красавіка запрашае ўсіх аматараў народнага мастацтва, культуры і харэаграфіі на святочнае мерапрыемства, прысвечанае свайму 60-годдзю. Вечар, які адбудзецца ў канцертнай зале «ВІЦЕБСК», абяцае быць цёплым, а гасцей імпрэзы чакае шэраг сюрпрызаў. Па словах Уладзіслава ДРАКЕ, кіраўніка ансамбля, праграма мерапрыемства будзе складацца з дзвюх частак. Танцы народаў свету стануць асновай першага аддзялення, а ў другім да «ЛЯВОНІХІ» далучацца зоркі эстрады, сярод якіх – Руслан АЛЯХНО, Іван ВАБІШЧЭВІЧ, Пётр ЯЛФІМАЎ, Ілона БАГЕЛЕ (Латвія), Віктар МАСКОВІЧ (Малдова), Яўген ГОР (Расія), а таксама аркестр Віцебскага гарнізона. Удзел такіх знакамітых асобаў ¬– не выпадковасць, а заканамерны вынік актыўнага супрацоўніцтва ў разнастайных творчых праектах, у тым ліку ў Міжнародным фестывалі мастацтваў «СЛАВЯНСКІ БАЗАР У ВІЦЕБСКУ». Яшчэ адным сюрпрызам стане прэзентацыя новых нумароў і выступленне ветэранаў калектыву.
Юбілейны канцэрт – гэта спалучэнне ўсяго найлепшага, што распрацаваў ансамбль танца «ЛЯВОНІХА» за час свайго існавання. Ён змяняецца, спрабуе новыя аранжыроўкі, эксперыметуе са стылямі, але пры гэтым не падпарадкоўваецца часу і захоўвае індывідуальнасць, за што «ЛЯВОНІХУ» ведаюць і любяць. Нацыянальны каларыт у спалучэнні з уласнымі харэаграфічнымі традыцыямі – тыя прынцыпы, якіх трымаецца калектыў.
24 красавіка, 19.00, канцэртная зала «ВІЦЕБСК» (парк імя Фрунзэ, 1). Білеты ў касах горада і на www.kvitki.by Даведкі па телефонах: 36 30 40, 42 65 91.