Глыбокае на цэлы тыдзень пераўтворыцца ў вішнёвую сталіцу

21.12.2015

Кожны год вясной горад Глыбокае патанае ў белай квецені вішняў, а ўлетку яны радуюць мясцовых жыхароў багатым ураджаем чырвоных ягад. Тут практычна не знойдзеш дворыка, дзе няма вішні, і растуць яны надзвычай смачныя — больш салодкія і сакавітыя за іншыя.

Помнік вішні ў Глыбокім. Фота: Ігар Мацьвееў, TUT.BYКожны год вясной горад Глыбокае патанае ў белай квецені вішняў, а ўлетку яны радуюць мясцовых жыхароў багатым ураджаем чырвоных ягад. Тут практычна не знойдзеш дворыка, дзе няма вішні, і растуць яны надзвычай смачныя — больш салодкія і сакавітыя за іншыя.

Вішні называюць тут "лапыровымі" - па прозвішчы вядомага глыбоцкага агранома Баляслава Лапыра, які яшчэ "за польскім часам" вырошчваў свае гатункі вішань. З яго садоў саджанцы траплялі спачатку на тутэйшыя падворкі, а пасля распаўсюдзіліся па ўсім краі.

Ужо трэці год у ліпені ў горадзе ладзяць прыгожы "Вішнёвы фестываль". Сёлета ён будзе асабліва маштабным, пройдзе на працягу амаль тыдня — з 13 па 18 ліпеня, якраз пад ураджай ягад. Кожны дзень абяцае стаць яркім, насычаным і запамінальным.

У праграме свята — шэраг канцэртаў, выставак, тэматычных мерапрыемстваў, так ці інакш звязаных з папулярнай ягадай: вішнёвыя "Алімпійскія гульні", рэтрадыскатэка, забавы вішнёвага двара, сюрпрызы вішнёвага кафэ, парад вішнёвых пірагоў…

Галоўныя падзеі разгорнуцца 18 ліпеня. Па традыцыі фестываль адкрыецца ўрачыстым шэсцем на чале з прыгажуняй - каралевай Вішняй. Дарэчы, удзельнікаў чакае прыемны сюрпрыз. Яе вялікасць сёлета здзівіць не толькі новым шыкоўным уборам, яна займела ўласную залачоную карэту і ўпершыню прадэманструе яе глыбачанам і гасцям горада.

На маляўнічым беразе возера Кагальнае адбудуцца чарговыя вішнёвыя вяселлі. Шлюб зарэгіструюць адразу некалькі пар. І не проста так, а з сімвалічнай цырымоніяй. А яе ганаровымі ўдзельнікамі стануць сем'і, якія стварыліся ў час першага фэсту тры гады таму. Былыя маладажоны ўжо сталі бацькамі і запрошаны на ўрачыстасць разам з дзецьмі.

Відавочна, людна будзе ў святочныя дні і каля дэкаратыўнай скульптуры "Глыбоцкая вішня". Абмінуць гэтае месца проста недаравальна. Па існуючым павер'і, калі дакранешся да чырвоных вішань, абавязкова будзеш шчаслівым. Памацаеш лісцікі — завядуцца грошыкі. Пагладзіш чаранкі — жыццёвы шлях будзе светлым і роўным. А калі хлопец з дзяўчынай, узяўшыся за рукі, тры разы вакол "вішанькі" абыдуць, то ў наступным годзе чакаць вяселля. Гавораць, дзейнічае.

На фестывалі свае таленты прадэманструюць мастакі, спевакі, музыканты, майстры народнай творчасці, кулінары.

Асобная інтрыга — конкурс баяністаў. Мясцовыя віртуозы рыхтуюцца да яго даўно і сур'ёзна. Абяцаны прыз пераможцу — выдатны новы баян. Само сабой, вішнёвага колеру.

Ірына Свірко,