Трактар у пасёлку Багушэўск трапіў на пастамент
21.12.2015
Помнік стаіць на былой тэрыторыі галоўнай сядзібы саўгаса “Багушэўскі”. Гэты трактар – маўклівы сведка гістарычных падзей, якія адбываліся на беларускай зямлі ў дваццатым стагоддзі. Зроблены ў 1932 годзе на Харкаўскім трактарным заводзе, ён паступіў у Багушэўскі дзяржплемрасаднік ў 1936-м.
Калі завітаеце ў гарадскі пасёлак Багушэўск, які знаходзіцца ў Сененскім раёне Віцебскай вобласці, не пашкадуйце часу, каб падзівіцца на трактар-легенду!
Помнік стаіць на былой тэрыторыі галоўнай сядзібы саўгаса “Багушэўскі”. Гэты трактар – маўклівы сведка гістарычных падзей, якія адбываліся на беларускай зямлі ў дваццатым стагоддзі. Зроблены ў 1932 годзе на Харкаўскім трактарным заводзе, ён паступіў у Багушэўскі дзяржплемрасаднік ў 1936-м.
У пачатку Вялікай Айчыннай трактар, як і іншую тэхніку, эвакуіравалі ў Сібір. Дакладна вядома, што адзін з жыхароў Багушэўска, які ўдзельнічаў у аперацыі па выратаванні легендарнага трактара, быў павешаны фашыстамі.
У 1946 годзе працаўнік “вярнуўся” з эвакуацыі і араў ніву ажно да 1951 года. Потым некаторы час эксплуатаваўся ў Лёзненскім раёне Віцебскай вобласці, пакуль не стаў экспанатам Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі Беларусі ў Мінску.
З 1977 года трактар зноў у Багушэўску, але ўжо на заслужаным адпачынку. Праўда, на непрацяглы адрэзак часу яго забіралі ў райцэнтр, ды багушэўцы адваявалі земляка, і ён зноў заняў сваё пачэснае месца.
Дарэчы дабрацца да трактара-легенды зусім проста: трэба прайсці каля 500 метраў ад будынка чыгуначнага прыпынку “Багушэўск” да гэтага помніка і сведкі гісторыі ХХ стагоддзя.
Любоў Бяляева, Звязда