У Глыбокім адбылося ўрачыстае адкрыццё адміністрацыйнага будынка і спартыўна-гульнявой залы раённай спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву
21.12.2015
Такім чынам завершана трэцяя і апошняя чарга па карэннай рэканструкцыі гарадскога стадыёна. З гэтай падзеяй глыбачан і ўдзельнікаў урачыстасці павіншавалі міністр спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Аляксандр Шамко і член нацыянальнай каманды краіны па цяжкай атлетыцы Марына Шкерманкова.
Такім чынам завершана трэцяя і апошняя чарга па карэннай рэканструкцыі гарадскога стадыёна. З гэтай падзеяй глыбачан і ўдзельнікаў урачыстасці павіншавалі міністр спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Аляксандр Шамко і член нацыянальнай каманды краіны па цяжкай атлетыцы Марына Шкерманкова.
Як вядома, першы медаль для нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь на ХХХ Алімпійскіх гульнях 2012 года ў Лондане прынесла глыбачанка Марына Шкерманкова. Даючы інтэрв’ю шматлікім прадстаўнікам прэсы з розных краін свету, яна абавязкова згадвала, што самыя першыя і самыя важныя крокі ў спорт яна зрабіла ў родным Глыбокім, менавіта ў спартыўна-гульнявой зале, што знаходзіцца на гарадскім стадыёне.
Трэба зазначыць, што не адна Марына выправілася з гэтых сцен у вялікі спорт. Сёння шэсць прадстаўнікоў раёна ўваходзяць у склад зборных каманд рэспублікі і 28 – вобласці: па валейболу, коннаму спорту, цяжкай атлетыцы, боксу, грэка-рымскай барацьбе. Радуюць сваімі высокімі спартыўнымі дасягненнямі на міжнароднай арэне Артур Удрыс, Ігар Жалткевіч, Дзяніс Пятрага, Арцём Кісель, Віталь Чараднік, Сяргей Сімановіч і многія іншыя.
Два апошнія гады спартыўна-гульнявая зала была закрыта па тэхнічных прычынах:
будынак патрабаваў капітальнага рамонту і вялікіх фінансавых сродкаў. Генеральнаму падрадчыку аб’екта ПУП «Глыбоцкая ПМК» давялося мяняць не толькі падлогу, дах, але і ўмацоўваць фундамент, сцены, выкарыстоўваючы сучасныя матэрыялы і тэхналогіі, абсталёўваць памяшканні. З усім гэтым будаўнікі цудоўна справіліся, і аб’ект глядзіцца нібыта з іголачкі. На ўсё пайшло 15 мільярдаў рублёў з рэспубліканскага, абласнога і раённага бюджэтаў.

Ганаровае права перарэзаць чырвоную стужку спартыўна-гульнявой залы было прадастаўлена намесніку старшыні аблвыканкама Уладзіміру Цярэнцьеву і старшыні Глыбоцкага райвыканкама Алегу Морхату. Сімвалічны ключ аб’екта быў уручаны Уладзіміру Бука, дырэктару раённай спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву.
– Сённяшняя падзея з’яўляецца знакавай для раёна, – падкрэсліў у сваім выступленні старшыня райвыканкама Алег Морхат. – Пра перавагі здаровага ладу жыцця ведаюць практычна ўсе. Калі мы навучым дзяцей з самага ранняга ўзросту цаніць, берагчы і ўмацоўваць здароўе, калі мы будзем паказваць гэта асабістым прыкладам, то можна спадзявацца, што наступныя пакаленні будуць больш здаровымі і развітымі не толькі духоўна, інтэлектуальна, але і фізічна.
– Развіццё фізкультуры і спорту – пер- шаступенная задача дзяржавы, накіраваная на ўмацаванне здароўя грамадзян і павышэнне аўтарытэту Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне, – адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў. – Толькі за апошні час у вобласці здадзены такія спартыўныя аб’екты, як шматфункцыянальная зала ў Віцебску, лыжаролерная траса ў Наваполацку, цэнтр па алімпійскіх відах грэблі ў Полацку. У маі-чэрвені будзе ўведзены ў строй Лядовы палац у Оршы, зала для барцоў рознага стылю ў Віцебску. Павінны сёлета адчыніць таксама дзверы фізкультурна-аздараўленчыя комплексы ў Докшыцах і Ушачах. Толькі за мінулы год колькасць жыхароў вобласці, якія займаюцца спортам, узрасла на 10 тысяч чалавек і дасягнула 222 тысяч. Спартсмены Прыдзвінскага краю заваявалі летась на розных чэмпіянатах, першынствах Еўропы і свету 133 медалі. У тым ліку 45 залатых і 46 сярэбраных.
На ўрачыстасці выступілі таксама: ксёндз-прэлат Мячыслаў, які назваў адноўленую спартыўна-гульнявую залу на стадыёне храмам здароўя, выканаўчы дырэктар Прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у Віцебскай вобласці Віктар Бынькоў, які падарыў дзецям тузін мячоў, дырэктар спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву Уладзімір Бука, які запрасіў глыбачан актыўна наведваць новы аб’ект.
Спартыўныя аб’екты ў Глыбоцкім раёне ўводзяцца ці не штогод. Летась, напрыклад, здадзены ў эксплуатацыю плавальны басейн. У планах на сёлетні год яшчэ будаўніцтва лядовай пляцоўкі. Зараз у раёне функцыяніруе 170 спартыўных збудаванняў, 5 устаноў фізічнай культуры, спорту і турызму, налічваецца 58 калектываў фізічнай культуры. Летась праведзена звыш 100 спартыўных мерапрыемстваў, у якіх прынялі ўдзел 4,5 тысячы чалавек.

Першымі спартыўна-гульнявую залу апрабавалі дзеці: каманды з Лужкоў Шаркаўшчынскага раёна і спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы Глыбокага. Хто ведае: пройдзе час і хтосьці з іх, як і Марына Шкерманкова, паднімецца на алімпійскі п’едэстал!
Тэкст і фота Уладзіміра САУЛІЧА. «Віцебскі рабочы»