У Полацкім раёне справілі традыцыйныя «Зажынкі»
21.12.2015
Ёсць у народзе прыкметы: «калі чарніцы паспелі — тады і жыта спелае» ці «пачынай жніво, калі лета пераступіла спякотны ўзрост». Менавіта такая пара зараз. Хлебаробаў кліча поле. Традыцыйныя раённыя «Зажынкі» сёлета спраўлялі ў філіяле «Гараны-агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў». Яны далі старт уборачнай кампаніі-2013 у Полацкім раёне.
Ёсць у народзе прыкметы: «калі чарніцы паспелі — тады і жыта спелае» ці «пачынай жніво, калі лета пераступіла спякотны ўзрост». Менавіта такая пара зараз. Хлебаробаў кліча поле. Традыцыйныя раённыя «Зажынкі» сёлета спраўлялі ў філіяле «Гараны-агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў». Яны далі старт уборачнай кампаніі-2013 у Полацкім раёне.
Ва ўрочышча Прудок з’ехаліся кіраўнікі ўсіх гаспадарак Полацкага раёна на чале з намеснікам старшыні Полацкага райвыканкама Мікалаем Баратынскім, спецыялісты райсельгасхарчу, артысты з Багатырскага СДК, айцец Георгій і пеўчыя з царквы Пакрава Прасвятой Багародзіцы г.Полацка. Галоўнымі героямі свята былі камбайнеры філіяла «Гараны-агра», на прафесіяналізм, спрыт і вопыт якіх ва ўборцы ўраджаю разлічвае кіраўніцтва гаспадаркі. Шэсць экіпажаў — Дзмітрыя Гароха і Аляксандра Гароха, Сяргея Куклы і Сяргея Чувахова, Уладзіміра Сушчыка і Аляксея Мінова, Сяргея Гарбаценкі і Віталя Кушнарэнкі, Сяргея Гарбачова і Валянціна Маліноўскага, Юрыя Палтарацкага і Аляксандра Палтарацкага — спынілі працу, паставілі камбайны ў лінейку. Да пачатку свята яны паспелі намалаціць 21 тону зерня.
У выкананні калектыву «Голас Спадчыны» прагучалі жніўныя песні. Якія яны мілагучныя, шчырыя, сапраўдныя, сугучныя з настроем душы! Мікалаю Баратынскаму ўручылі традыцыйны сноп з каласоў пшаніцы з пажаданнямі дабрабыту, моцнага здароўя, багатага ўраджаю на наступны год. Мікалай Мікалаевіч адзначыў, што напрацягу некалькіх гадоў усе адказныя сельскагаспадарчыя кампаніі ў Полацкім раёне пачынаюцца з малебна, і «Зажынкі» — вельмі добрая нагода, каб папрасіць у Бога сіл душэўных і цялесных для здзяйснення планаў, вялікага хлеба і добрага надвор’я. Айцец Георгій у суправаджэнні пеўчых адслужыў малебен, а потым акрапіў святой вадой удзельнікаў жніва і тэхніку.
«Галоўнае — каб дождж не пайшоў», — выказаў сваё пажаданне для паспяховага правядзення ўборачнай малады камбайнер Сяргей Кукла. «Мой камбайн спраўна служыць шосты сезон, спадзяюся, не падвядзе. А настрой на працу — баявы», — падзяліўся думкамі вопытны камбайнер Сяргей Гарбаценка.
Пра тое, што правесці сёлетняе жніво даручана прафесіяналам, расказала галоўны аграном філіяла «Гараны-агра» Тамара Макарава. Сёлета ім належыць убраць ураджай з плошчы 1 880 гектараў. Зерневыя пасеяны на плошчы 1 340 гектараў, маслічныя культуры займаюць 360 гектараў, насеннікі мнагалетніх траў — 180 гектараў. У адказны час гаспадарка будзе працаваць як зладжаны аркестр, у якім ролю галоўных скрыпак выканаюць камбайнеры.
Кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Калтуноў быў усцешаны тым, што раённыя «Зажынкі» адбыліся менавіта ў яго філіяле. Расказаў, што сёлета, як і заўсёды, рыхтаваліся да ўборкі хлеба адказна. На пытанне, што яму больш па душы — «Зажынкі» ці «Дажынкі» — адказаў шчыра: «Трэцяга жніўня споўніцца 34 гады, як я працую ў сельскай гаспадарцы. Мне аднолькава прыемна і пачынаць уборку ўраджаю, і радавацца поўным засекам. Галоўнае ў справе — гонар за калектыў, якому па сілах спачатку пасеяць хлеб, а потым — убраць усё, да апошняга зярнятка».
Аліна БАЛЬШАКОВА. Фота Андрэя МАРЦЫНКЕВІЧА.