Звыш 5 тысяч чалавек стануць першакурснікамі вну Віцебшчыны
21.12.2015
Пяць дзяржаўных вышэйшых навучальных устаноў Віцебскай вобласці паставілі кропку ў чатырохтыднёвым абітурыенцкім марафоне. Хваля ўступнай кампаніі ахапіла 5570 ахвотных атрымаць студэнцкі білет, а менавіта такая колькасць чалавек падала заявы на абраныя спецыяльнасці, аднак толькі 5148-мі ўдалося вытрымаць сур’ёзныя конкурсныя іспыты на бюджэтную і платную формы дзённага і завочнага навучання.
Пяць дзяржаўных вышэйшых навучальных устаноў Віцебскай вобласці паставілі кропку ў чатырохтыднёвым абітурыенцкім марафоне. Хваля ўступнай кампаніі ахапіла 5570 ахвотных атрымаць студэнцкі білет, а менавіта такая колькасць чалавек падала заявы на абраныя спецыяльнасці, аднак толькі 5148-мі ўдалося вытрымаць сур’ёзныя конкурсныя іспыты на бюджэтную і платную формы дзённага і завочнага навучання.
Чым хутчэй набліжалася развязка ўступнай кампаніі, тым больш інтрыгуючым і гарачым станавіўся ход падачы дакументаў, за якім можна было сачыць у рэжыме он-лайн на сайтах вну Віцебшчыны. Інтэрнэт-маніторынг дазваляў абітурыентам канчаткова вызначыцца з абраным напрамкам будучай дзейнасці і ацаніць свае магчымасці ў адукацыйнай барацьбе па выніках здадзеных іспытаў. Апошнія хвіліны літаральна станавіліся рашучымі — верхняя планка конкурсу на бюджэтныя месцы магла вырасці ў любы момант. Мацнейшыя абітурыенты ўпэўнена абыходзілі на пляцоўцы ведаў сваіх супернікаў, якія напачатку “гонкі” займалі лідзіруючыя пазіцыі, таму апошнія ўжо станавіліся прэтэндэнтамі толькі на платнае месца.
У такім пастаянным напружанні на працягу ўступнай кампаніі трымала спецыяльнасць “правазнаўства” ВДУ імя П. Машэрава, якая ўзначаліла рэйтынг найбольш запатрабаваных — 73 абітурыенты спрабавалі раздзяліць усяго 2 шанцы навучацца на бюджэтнай аснове, таму конкурс склаў 36,5 чалавекі на месца. Дастаткова цесна было і на юрыдычным факультэце ПДУ — 18. Высокія паказчыкі прадэманстравалі “сацыяльныя камунікацыі”, якія з’явіліся на рынку спецыяльнацей у мінулым годзе, і “лагістыка” гэтай жа ўстановы — 8 і 5 адпаведна.
— У пяці дзяржаўных вну дастаткова распаўсюджанымі аказаліся “ветэрынарная санітарыя і экспертыза” ў ВДАВМ, “дызайн” у ВДТУ, “рамана-германская філагогія” ў ВДУ імя П. Машэрава, дзе конкурс склаў больш за 2 чалавекі на месца, а таксама фінансава-эканамічны, сацыяльна-педагагічны профіль, — канстатаваў галоўны спецыяліст аддзела прафесійнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Уладзімір Беднякоў. — Сярэдні конкурс па вну склаў 1,5 челавекі на месца, а ў мінулым годзе — 1,4.
Самы высокі прахадны бал (322) у будучага першакурсніка ВДМУ, які абраў спецыяльнасць “фармацыя”. На атрыманне студэнцкага білета па спецыяльнасці “тэхналогія машынабудавання” ў ПДУ можа разлічваць абітурыент, які па выніках 3-х ЦТ і сярэдняга бала атэстата набраў 97 балаў. Дарэчы, на гэтую спецыяльнасць дзённага аддзялення ў ВДТУ быў аб’яўлены дадатковы набор, як і на спецыяльнасці лёгкай прамысловасці. Такая сістэма дазволіла прадухіліць кадравы голад і даць другі шанец абітурыентам пашырыць студэнцкія рады.
З улікам дадатковага набору ў 5-ці вну пры плане 2309 чалавек прынялі ўдзел ва ўступных іспытах на бюджэтную форму 3427 абітурыентаў. Па словах загадчыка сектара Камітэта дзяржаўнага кантролю вобласці Андрэя Салтановіча, з 2233-х залічаных на дзённае аддзяленне бюджэтную форму 185 будучых студэнтаў з’яўляюцца медалістамі, 18 маюць дыплом з адзнакай. Па-за конкурсам на падставе льгот, вызначаных Правіламі прыёму ў вну, першакурснікамі сталі 31 чалавек, без уступных іспытаў — 17. Разам з тым залічаны 49 замежных грамадзян.
Кантроль за выкананнем патрабаванняў заканадаўства падчас правядзення ўступных іспытаў ажыццяўлялі абласная камісія па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў складзе 8 чалавек і адпаведныя камісіі па кантролі ў 5 вышэйшых дзяржаўных навучальных установах вобласці. Імі былі разгледжаны і дадзены адказы на 5 вусных зваротаў, якія паступілі ад абітурыентаў і іх бацькоў. Усе звароты мелі кансультацыйны характар і ў асноўным закраналі пытанні аб прыёме і навучанні, парадку падачы дакументаў, — адзначыў Андрэй Анатольевіч.
У цэлым уступныя выпрабаванні ў дзяржаўных вну Віцебшчыны праведзены ва ўмовах спрыяльнага маральна-псіхалагічнага клімату. Андрэй Салтановіч падкрэсліў, што з дапамогай комплексу мерапрыемстваў па кантролі дасягнута галоўная мэта дзейнасці абласной камісіі і камісій навучальных устаноў — забяспечыць грамадзянам роўныя магчымасці пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы рэгіёна, а таксама абарону іх законных правоў і інтарэсаў.
Вольга Булаўка, “Витебские вести”.