За 10 месяцаў завод адгрузіў у гандлёвую сетку прадукцыі на 5,3 млн рублёў і такім чынам павялічыў яе пастаўку на ўнутраны рынак больш чым у 2 разы. Ад рэалізацыі атрымаў за 9 месяцаў 336 тысяч рублёў прыбытку.
Перш-наперш пачалі, расказвае дырэктар філіяла Георгій Цяцера, з пашырэння каналаў збыту, заключылі дагаворы на пастаўку кансерваў з найбуйнейшымі ў Беларусі гандлёвымі сеткамі “Еўраопт”, “Белкаапінвестгандаль” і “Белінтэрпрадукт”, праз якія рэалізуюць большую частку прадукцыі.
А яе на заводзе выпускаюць 32 найменні. Асартымент пастаянна абнаўляюць, чуйна рэагуючы на смакавыя перавагі пакупнікоў. Для гэтага браслаўчане пашырылі геаграфію закупу сыравіны.
Марскую рыбу набываюць у Фінляндыі і Расіі, апошнім часам да калінінградскіх пастаўшчыкоў дабавіліся крымскія, а да традыцыйных балтыйскай кількі, салакі, селядцоў, траскі — бычкі і чарнаморская кілька, з якіх гатуюць натуральныя кансервы, у алеі, таматным соусе, з гароднінай. Выбар на любы густ. Як і для тых, хто любіць азёрную рыбу. Кансерваў з яе выпускаецца больш за дзясятак.
Праўда, сыравіну таксама завозяць з-за межаў Беларусі, закупаюць у Астрахані. Сваёй на перапрацоўку ідзе лічаныя тоны, бо ў асноўным яна рэалізуецца ў свежым выглядзе.
Дарэчы, рэцэптура кансерваў распрацоўваецца на месцы, у заводскай лабараторыі. У тэхнолага Алены Барткун у гэтай справе вялікі вопыт. У выніку браслаўскія шпроты па смаку не саступаюць традыцыйным балтыйскім, а па цане танней. І такіх прыкладаў многа.
Не стаіць прадпрыемства на месцы і ў тэхнічным пераўзбраенні. Сёлета ў рамонт лабараторыі, якая чакае акрэдытацыі, у абнаўленне абсталявання калектыў уклаў 186 тысяч рублёў уласных сродкаў. У лістападзе тут закончылі мантаж апошняга з сямі сучасных аўтаклаваў, што павінна яшчэ больш палепшыць якасць прадукцыі.
– З працэсу выключаны чалавечы фактар,-- кажа вядучы эканаміст Жанна Навумава.– Камп’ютар не забудзецца, не прамарудзіць падчас тэрмічнай апрацоўкі кансерваў. Закладзеную праграму выканае дасканала.
На чарзе — мантаж новай лініі. Завод набыў мыйку і сушылку для бляшанак, этыкетыровачную машыну і такім чынам да мінімуму зводзіць ручную работу на гэтых участках. З рабочых, якія вызваляцца пасля пуску новага абсталявання, будзе сфарміравана чацвёртая брыгада.
– У наступным годзе мы зможам павялічыць аб’ём вытворчасці ў два разы,– сцвярджае Георгій Цяцера. – На айчынным рынку не патрэбна такая колькасць нашай прадукцыі. Жыццё прымушае вярнуцца на расійскі рынак, бо нашы кансервы – высокія па якасці і даступныя па цане. Таму мы настойліва ідзём да ўкаранення міжнароднай сістэмы ХАССП і ўпэўнены, што патрэбны нам сертыфікат для выхаду на міжнародны рынак атрымаем.
Тамара ПАШКЕВІЧ., фота аўтара. «Витебские вести».