– І не толькі мы, – падкрэсліў старшыня райвыканкама Аляксандр Баданін. – Цяпер у нашай стаматалогіі не сорамна прымаць і замежных пацыентаў. Усё тут годна: дызайн памяшканняў, сучаснае абсталяванне, высокакваліфікаваныя кадры.
Так склалася, што пры ўзвядзенні бальнічнага комплексу напрыканцы мінулага стагоддзя не было прадугледжана стаматалогіі. Не адно дзесяцігоддзе яна тулілася ў прыстасаваных памяшканнях і нават у розных карпусах. Дзякуючы падтрымцы галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама ў рамках падрыхтоўкі да абласных «Дажынак» ЦРБ было выдзелена 2 мільёны рублёў на паляпшэнне ўмоў лячэння і добраўпарадкаванне тэрыторыі. Важкая частка тых сродкаў была выкарыстана на стварэнне сучаснай стаматалагічнай службы. Як паведаміў галоўны ўрач райбальніцы Аляксандр Макарэвіч, 250 тысяч пайшло на рамонт вызваленага для яе крыла другога паверха бальніцы, яшчэ 72 тыс. руб. – на закупку абсталявання. Пра ўмовы для медработнікаў паклапаціўся абласны камітэт прафсаюза, які выдзеліў сродкі на ўладкаванне пакоя адпачынку. У выніку Браслаў атрымаў цудоўны падарунак, які, мяркуецца, будзе падсілкоўваць і бюджэт ЦРБ.
– Аб’ём аказаных медустановай паслуг ужо вырас у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года ў тры разы, – канстатаваў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Юрый Дзеркач. – І гэта толькі пачатак. Браслаўская стаматалогія ўжо сёння і па кадрах, і па аснашчанасці тэхнікай, і па магчымасці лячэння і пратэзавання зубоў адна з перадавых у вобласці. У недалёкай перспектыве Браслаўская бальніца стане рэгіянальным цэнтрам па аказанні медыцынскіх паслуг для суседніх раёнаў Беларусі і блізкага замежжа. Ужо ідзе актыўнае перааснашчэнне яе новым медабсталяваннем.
Загадчык стаматалагічнага аддзялення Уладзімір Радзюль расказаў, што работнікаў у ім больш за дваццаць, урачы і фельчары маюць высокую прафесіянальную кваліфікацыю, паспяхова набываюць вопыт маладыя кадры. А гэта азначае, што яму па сіле асваенне самых сучасных тэхналогій лячэння і пратэзавання зубоў. Добрыя водгукі пастаянна гучаць у адрас Святланы Смірновай, Тэрэсы Радзюль, Наталлі Шукель, Алены Шышла і Вольгі Кісляковай. З першых дзён работы ў аддзяленні павагу пацыентаў заваявала малады доктар Кацярына Ляскоўская. Задаволены наведвальнікі стаматалогіі і работай зубных тэхнікаў – выпускнікоў Аршанскага каледжа Валерыі Піпчанка, Арцёма Шнітко і Алёны Яновіч.
Стаматолагі актыўна ўкараняюць суцэльналітую тэхналогію па вырабе зубных пратэзаў. Літаральна ў дзень урачыстага адкрыцця аддзялення даведаліся, што хутка ў іх з'явіцца сканер, які дазволіць рабіць 3D-здымак поласці рота, адпраўляць яго ў майстэрню Віцебска і праз некалькі дзён мець гатовы заказ. Гэта зменшыць не толькі колькасць сустрэч урача і пацыента, але і паскорыць час пратэзавання, зробіць яго больш зручным. А ў думках ужо асваенне ўжыўлення імплантатаў.