Приемная исполкома
210010, г.Витебск, ул.Гоголя, 6
e-mail: oik@vitobl.by (для деловой переписки)
Телефон: (+375-212) 48-11-55
Факс: (+375-212) 48-11-56

Канцелярия: 
(+375-212) 37-58-11
(+375-212) 37-30-20
Витебский областной исполнительный комитет
Главная > Новости

Маляванку ў традыцыях Язэпа Драздовіча развіваюць у Шаркаўшчынскім раёне

24.10.2016

Маляванка – жанр народнай творчасці, які ў першай палове мінулага стагоддзя быў распаўсюджаны на заходняй Віцебшчыне. Яе класікам прызнаны ўраджэнец Глыбоччыны Язэп Драздовіч, даследчык айчыннай мінуўшчыны, этнограф, літаратар. Усплёск у адраджэнні народнага роспісу назіраўся ў 1970 – 80-х гадах, а сёння маляваныя дываны Віцебскага Паазер’я маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. Шмат у Язэпа Драздовіча паслядоўнікаў, ёсць яны і ў Шаркаўшчынскім раёне.

Адна з іх – мастак-самавук Ганна Курыловіч. Яе адмысловы дыван дагэтуль упрыгожвае Шаркаўшчынскі раённы цэнтр рамёстваў і служыць узорам для вучняў. Маляванкай тут займаюцца ад заснавання ўстановы, і ўжо можна прасачыць пераемнасць творчых пакаленняў. У Ганны Курыловіч вучылася Людміла Маяк, якая вяла заняткі гурткоў, пакуль не пайшла на заслужаны адпачынак. Эстафета была перададзена мясцовай ураджэнцы выпуск­ніцы Мірскага рэстаўрацыйнага вучылішча Вользе Беласлудцавай. Калі ж яна выправілася ў дэкрэтны водпуск, у цэнтр рамёстваў па размеркаванні трапіў выпускнік Віцебскага тэхналагічнага каледжа Аляксей Краўчанка.

 – Люблю маляваць, а тут з’явілася вакансія, вось і паспрабаваў заняцца дыванамі. Для гэтага патрэбны льняное палатно, акрылавыя фарбы і фантазія. Арыенцір – творы Язэпа Драздовіча, іншых папярэднікаў, але імкнуся адлюстраваць нешта сваё, выпрацаваць аса­бісты почырк, – расказваеметадыст раённага цэнтра культуры Аляксей Краўчанка. У адрозненне ад Ганны Курыловіч і Людмілы Маяк, якія зазвычай малявалі кветкі, ён аддае перавагу сюжэтам.

Сёння маляванка – не толькі выставачны экспанат або прадмет калекцыяніравання знаўцамі. Яе набываюць для ўпрыгожання інтэр’ераў. Аляксей стварае сёмы дыван. Два прададзены ў Мінск – паказчык таго, што іх аўтар на правільным творчым шляху. Сталічны калекцыянер зацікавіўся шаркаўшчынскімі майстрамі жанра праз кніжку «Традыцыйнае мастацтва маляваных дываноў Віцебскага Паазер’я». Збіраецца паказаць дываны Аляксея Краўчанкі на прыватнай тэматычнай выставе, а для стварэння новых перадаў у цэнтр палатно і фарбы.

Словам, тут ёсць у каго вучыцца маляванцы і ёсць каго ёй вучыць.

– Пры Вользе Беласлудцавай майстэрні цэнтра не змяшчалі ўсіх жадаючых займацца маляванкай. Аляксей Краўчанка супрацоўнічае з дзіцячай школай мастацтваў, выкладчык якой Віктар Крук дапамагае яму, і абодвух натхняюць вынікі гэтага супрацоўніцтва. К канцу года запросім гледачоў на выставу маляваных дываноў, – зазначыла кіраўнік Шаркаўшчынскага раённага цэнтра рамёстваў Вікторыя Дубоўская.

Галіна Шпакоўская. Фота Дзмiтрыя Осiпава. «Витебские вести».

Теги : инициатива, искусство, культура, Шарковщинский район
Версия для печати