Выборы 2025
Приемная исполкома
210010, г.Витебск, ул.Гоголя, 6
e-mail: oik@vitobl.by (для деловой переписки)
Телефон: (+375-212) 48-11-55
Факс: (+375-212) 48-11-56

Канцелярия: 
(+375-212) 37-58-11
(+375-212) 37-30-20
Витебский областной исполнительный комитет
Главная > Новости

Міжнародны фестываль «Звіняць цымбалы і гармонік» адбыўся ў Паставах у 20-ы раз

13.06.2017 ХХ Міжнародны фестываль «Звіняць цымбалы і гармонік» у чарговы раз сабраў самадзейныя калектывы з усіх куткоў Беларусі і розных краін свету, стаў месцам сустрэчы выканаўцаў народнай музыкі, дзеячаў культуры і мастацтва, сяброў і знаёмых, у жыцці якіх творчая дзейнасць і любоў да народнай музыкі займаюць значнае месца.

Музыка падхапіла і закружыла ў сваім карагодзе людзей рознага ўзросту, прафесій, месцажыхарства, гаспадароў і гасцей, стала той універсальнай мовай, якую разумеў кожны. Пра гэта не раз падчас фестывалю гаварылі прадстаўнікі шматлікіх дэлегацый, якія прыехалі ў Паставы з Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі і Эстоніі, каб прадэманстраваць творчыя дасягненні, памерацца ў выканаўчым майстэрстве, разам абмеркаваць тэндэнцыі ў развіцці народнай музыкі. Свята стала значнай падзеяй у жыцці краіны, узорам развіцця рэгіянальнай культуры, візітнай карткай Пастаўшчыны, адзначыў намеснік міністра культуры Васіль Чэрнік.

– Сёлета фестываль адзначае 20-годдзе з часу набыцця статусу міжнароднага, колькасць удзельнікаў, якую ёе збірае, сведчыць пра яго запатрабаванасць, – падкрэсліў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў. – Не кожны форум можа пахваліцца такім прадстаўнічым журы, у складзе якога перліны беларускай музычнай культуры – прафесары і дацэнты спецыяльных навучальных устаноў, кампазітары.

У гэтым годзе ў сваё кола яны прынялі і кіраўніка заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорнага ансамбля «Паазер’е» Анатоля Собаля. Менавіта «Паазер’е» стаіць ля вытокаў адраджэння музычных народных традыцый у краі, дзякуючы яму на Пастаўшчыне, бадай, першай у краіне загучалі старажытныя цымбалы. На дыятанічных – папярэдніках сучасных – музыкі выконваюць фальклорную музыку. Яны з’яўляюцца прадаўжальнікамі традыцый Груздаўскага цымбальнага аркестра, вельмі папулярнага ў мінулым стагоддзі. А ён, у сваю чаргу, пераняў выканаўчую манеру цымбалістаў, што ігралі ў XVIII стагоддзі ў палацы Тызенгаўза.

Як нагадаў прысутным старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік, з часу першага фестывалю на ім выступіла звыш за 13 тысяч самадзейных і прафесіянальных артыстаў з 21 краіны свету, Пастаўшчына займела 13 гарадоў-пабрацімаў.

– Дрэва трымаецца каранямі, а чалавек – сябрамі, – падсумаваў Сяргей Васільевіч. – Фестываль «Звіняць цымбалы і гармонік» спрыяе дружбе паміж народамі, сілкуе іх культуру.

Яркасцю ўбораў, майстэрствам і эмацыянальнасцю вызначаліся на канцэртных пляцоўках і ў традыцыйным конкурсе «Хто каго» ўсе калектывы. Сімпатыі гледачоў, часам не супадалі з меркаваннем журы. Так, украінскі гурт «Чып» з Жытоміра не атрымаў найвышэйшых балаў, але «парваў» залу ўжо ў пятніцу, у першы дзень фестывалю на канцэрце, які ставілі мясцовыя самадзейныя калектывы. І два наступныя дні іх добразычлівыя жарты ў адносінах да сябе і калег весялілі людзей, знімалі напружанне перад выхадам на сцэну.

У майстэрстве выканання калектывы былі на роўных. Цёпла прымалі ўсіх: гурт гарманістаў і частушачнікаў «Найгрышы» са Смаленшчыны, наваполацкі ансамбль народных інструментаў «Свая ігра», ансамбль «Лебедзеўскія выкрутасы» з Маладзечна, народны ансамбль танца з Латвіі «Аўгжземе», фальклорны ансамбль «Разна» з Літвы, вакальную групу «Лерхен» з цэнтра нямецкай культуры ў Бабруйску. А яны ў сваю чаргу дзякавалі арганізатарам за цудоўную магчымасць датыкнуцца да вытокаў самабытнай фальклорнай музыкі, за радасць зносін. Шчыра абменьваліся сувенірамі, абдымкамі ды пацалункамі ў час традыцыйнага абраду кумавання.

Хоць фестываль захоўваў ранейшую скіраванасць, у яго канцэпцыю арганізатары ўнеслі шмат новага, арганічна спалучыўшы культуру з навукай, ушанаваннем знакамітых землякоў.

Праграма свята ўключала адкрыццё на кінавідэазале мемарыяльнай дошкі мясцовым ураджэнцам-акцёрам Станіславу Ясюковічу і Зыгмунту Кенстовічу, якія праславілі тэатры, кіно і радыё Польшчы, заваявалі папулярнасць у свеце. Вяртанню пастаўчанам паўзабытых імён паспрыялі райвыканкам і краязнаўца Міхась Гіль.

Важным элементам свята стала выстава, прысвечаная навукоўцам – выхадцам з пастаўскай зямлі. Тут сабраны дзясяткі экспанатаў, якія расказваюць пра іх постаці і дасягненні. Чатыры прадстаўнікі навуковага свету былі непасрэднымі ўдзельнікамі мерапрыемства. Гэта доктар гуманітарных навук з Польшчы Іосіф Зямчонак, доктар сельскагаспадарчых навук, член-карэспандэнт НАН Мікалай Казаравец, доктар тэхнічных навук, прафесар Антон Вавілаў, намеснік старшыні грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд культуры» Тадэвуш Стужэцкі, які, дарэчы, належыць да ліку тых, хто засноўваў фестываль у Паставах.

Удзельнікам былі прэзентаваны дзве кнігі: Тадэвуша Стружэцкага «Беларускія народныя музычныя інструменты» – даследаванне, карыснае не толькі для спецыялістаў, і мясцовага краязнаўцы Ігара Пракаповіча «Залатая выспа: гісторыі і вершы з крыніц народных».

Традыцыйна сапернічалі паміж сабой у гасціннасці падвор’і. Трэба адзначыць, што з года ў год яны становяцца ўсё больш разнастайнымі: тут і спаборніцтвы кухараў, і адмысловае афармленне сваёй тэрыторыі, і канцэрты самадзейных артыстаў з сельсаветаў. На падвор’ях кіпіць жыццё, гучаць песні і музыка, дэманструюцца работы ўмельцаў і накрываюцца сталы, багацце страў на якіх уражвае. Скарысталі магчымасць паўдзельнічаць у вялікім свяце і рамеснікі з усёй вобласці. У Горадзе майстроў чаго толькі не было!

Абыходзячы пляцоўку за пляцоўкай, цікавілася ў гаспадароў і гасцей, што ім падабаецца, а чаго, на іх погляд, не стае. Прадстаўніца польскай дыяспары ў Літве Ірэна Бейнар выказвала шчырыя захапленні станам дарог і дагледжанасцю тэрыторый. Артысты гурта «Чып» былі ўражаны нізкім коштам на харчовую прадукцыю, а прадстаўнікі Смаленшчыны – культурай земляробства. І, бадай, усіх кранула настальгія па часе, калі жылі разам у адной краіне, і усе выказвалі ўдзячнасць пастаўчанам за гасціннасць.

Што тычыцца ролі фестывалю ў папулярызацыі і адраджэнні фальклорнай музыкі, як адзначыў старшыня журы народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага аркестра імя І. Жыновіча, лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне» прафесар Міхаіл Казінец, яна толькі ўзрастае. Заслуга ў гэтым і пастаўчан, якія беражліва захоўваюць і перадаюць з пакалення ў пакаленне музычныя традыцыі продкаў. Дзякуючы ім унікальная народная спадчына становіцца здабыткам усё большай колькасці людзей.

Тамара ПАШКЕВІЧ, фота аўтара. "Витебские вести".

Теги : культура, Латвия, Литва, Поставы, праздник, Россия, Украина, фестиваль, Эстония
Версия для печати