Спеўнае гучанне дуды на розных канцэртных пляцоўках, народныя песні і танцы – сваеасаблівая візітоўка творчай сустрэчы. Увогуле за час існавання фестывалю свае непаўторныя дударскія матывы сумелі яскрава презентаваць таленавітыя музыкі дзесяці краін свету.
У гэтым годзе арганізатары ўнеслі невялікія карэктывы ў праграму фэсту, зрабіўшы свята, так мовіць, аб’язным. Замежныя музыкі выступалі на канцэртных пляцоўках у Глыбокім, іншых населенных пунктаў раёна. Упершыню дудары завіталі ў гарадскі пасёлак Падсвілле. Менавіта там і адбылося традыцыйнае шэсце музыкаў, гала-канцэрт.
Адкрыццё трэццяга па ліку фэсту, як і ў мінулыя гады, ладзілася ў гарадскім скверы знакамітых землякоў, ля помніка заснавальніка першага беларускага нацыянальнага тэатра Ігната Буйніцкага. Музыкі яго тэатральнай трупы ў свой час умелі весці рэй, а гэта значыць, верхаводзіць, задаваць тон. Сярод іх быў дудар Адам Шульга, дзякуючы якому меладычны спеў дуды гучаў над роднымі прасторамі. Адсюль і пайшла назва фэсту.
– Дзякуючы музычным падарункам вучняў дзіцячай школы мастацтваў у гэтым годзе наша свята стала яшчэ прыгажэйшым, – кажа ініцыятар і адзін з галоўных арганізатараў творчай імпрэзы, дудар Віталь Воранаў. – Але ж галоўная гераіня свята – дуда, дзівоснае, незабыўнае гучанне якой натхняе на здзяйсненне добрых спраў. Сёння шмат дзе можна пачуць музыку нізкага ўзроўню. А вось тых, хто грае, слухае дуду, у некім сэнсе можна аднесці да музычнай эліты.
Віталь упэўнены, што фэст дударскіх рэгіёнаў стане сапраўдным культурным брэндам Глыбоцкага раёна, вобласці. Віталь жыве ў Польшчы, але не забывае малую радзіму. На замежных фестывалях, напрыклад, у Партугаліі, Чэхіі, Польшчы яго прадстаўляюць як глыбоцкага дудара. Іграе ён традыцыйны рэпертуар для беларускай дуды, выкарыстоўваючы найгрышы, якія захаваліся ў старых нотных і радыйных запісах.
Гістарычныя знаходкі
Пад час прес-канферэнцыі Віталь прэзентаваў дуду, якую зрабіў беларускі мастар Сяргей Чубрык. Яна з’яўляецца поўнай копіяй знойдзеннага ў Вільні старажытнага музычнага інструмента з выгравіраваным надпісам: “Вёска Верацеі, гміна Празарокі. 1849 год”.
– Гэта і ёсць сапраўдная глыбоцкая дуда. Яна мае не зусім тыповае гучанне, іншы размер у адрозненні ад лепельскай, якая раней лічылася найстарэйшай, да таго ж называлася безумоўным эталонам беларускай дуды, – кажа Віталь. – Яшчэ адну яе копію робіць Дзмітрый Дзёмін, які нарадзіўся ў Глыбокім, а зараз жыве ў Расіі.
Віталь Воранаў, сыграўшы на новай-старай дудзе, расказаў удзельнікам прэс-канференцыі пра тое, як на аўкцыёне ў Францыі пашчасціла знайсці і пры дапамозе ахвяраванняў зацікаўленых глыбачан прыдбаць цікавы графічны малюнак, “узрост” якога складае некалькі стагодзяў. Цяпер знаходка будзе захоўвацца ў глыбоцкай бібліятэцы разам з іншымі кнігамі, рэчамі, прысвечанымі дудзе.
На фэсце адбылася і прэзентацыя перавыдання кнігі Віталя Воранава пад новай назвай “Дудары Глыбоцкага краю”. На вокладцы выдання – карціна ўраджэнца Глыбоччыны, мастака Эдуарда Мацюшонка. Ён таксама прыехаў на свята.
– Спеў дуды перадае эмоцыі смутку і радасці, болю і трывогі, – сцвярджае мастак. – На карціне я намаляваў элемент арнаменту. Ён сімвалізуе энергію, якую надае дуда сваім гучаннем.
Замежныя майстры музычных спраў
Для глыбачан і гасцей фэст – своеасаблівы экскурс па музычных прасторах мінулага, знаёмства з дударскімі напевамі розных рэгіёнаў. Напрыклад, Харватыю, а дакладней рэгіён харвацкага Загор’я на фэсце прадставіў музыкант, кіраўнік фальклорнага гурта “Ладо” Стэпан Вэчкавіч. Па яго словах, на дудзе можна наіграць шматлікія мелодыі, у тым ліку джаз, рок.
Двойчы ён выходзіў з прадстаўнікамі сваёй краіны на сцэну міжнароднага конкурса “Еўрабачанне”. Гукі дуды ўпрыгожвалі музычныя нумары.
Стэпан умее граць на 30 музычных інструментах. Дарэчы, тыя, што ён прывёз на фэст, ён зрабіў сам. Распавяздаючы пра гісторыю сваёй краіны, старадаўнія традыцыі, музыка прэзентаваў тыпы народных інструментаў Харватыі, больш увагі надаючы гайдзе, якая з’яўляецца адной з разнавіднасцей дуды.
– У Харватыі існуе 10 тыпаў дуды. Для кожнага рэгіёна характэрна свая, – адзначае Стэпан Вэчкавіч. – Іх гучанне перадае настрой, темперамент музыкі і , нават, спецыфіку краявідаў. У гарах і на раўніне музыкі граюць па-свойму. Непасрэднае значэнне мае і тое, з чаго зроблен музычны інструмент.
У Глыбокае музыка прыехаў са сваім памочнікам Маркам Маічам. А Аляксандр Арабаджыеў са сваімі вучнямі прэзентаваў музычныя традыцыі Паўночнай Македоніі. На тапане адбівалі характэрны для Македоніі спецыфічны музычны рытм, які сам па сабе з’яўляецца песняй, гралі на старадаўнім тарабуке, унутры якога схаваны бубен, презентавалі спеўнае гучанне тамбуры з двайнымі струнамі і іншых музычных інструментаў.
У сваю чаргу госці з Польшчы расказвалі пра музычные інструменты, характэрныя для Вялікапольшчы і рэгіёна Казла, які і атрымаў назву, дзякуючы музычнаму інструменту. Сярод 8 тыпаў дуд ёсць “белы казел”, зроблены з суцэльнага кавалка аўчыны. У складзе музычнай капэллы – абітурыенты кансерватэрыі Адам Кнобель і Караліна Коцік, вучань музычнай школы Каміл Кнобель.
Для ўдзельнікаў фэсту майстры Дома рамёстваў, мясцовыя прадпрымальнікі падрыхтавалі прыгожыя сувеніры з выявай беларускай дуды, сімволікай музычнага свята.